радыка́л 1, ‑а, м.
1. Матэматычны знак (√), якім абазначаюць дзеянне здабывання кораня, а таксама вынік здабывання кораня.
2. Устойлівая група атамаў, здольная пры хімічных пераўтварэннях пераходзіць без змен з малекулы аднаго рэчыва ў малекулу другога.
•••
Свабодныя радыкалы — кінетычна незалежныя часцінкі, якія характарызуюцца наяўнасцю няспараных электронаў.
[Ад лац. radicalis — карэнны.]
радыка́л 2, ‑а, м.
1. У капіталістычных краінах — член палітычных партый, у праграмах якіх змяшчаецца патрабаванне дэмакратычных рэформ у рамках і ў інтарэсах буржуазнай дзяржавы. Партыя радыкалаў.
2. Прыхільнік крайніх поглядаў, рашучых дзеянняў. Малады і даволі вядомы прафесархімік Палынскі, вядомы ў Пецярбургу як крайні радыкал у сваіх палітычных перакананнях, прыехаў да .. [Пілацеева] на час летніх вакацый. Галавач.
радыкалі́зм, ‑у, м.
1. Светапогляд радыкала 2 (у 1 знач.), палітыка, якую праводзяць радыкалы 2 (у 1 знач.).
2. Склад думак і дзеянняў, уласцівы радыкалу 2 (у 2 знач.); палітычная смеласць, рашучасць. Лучыну, напрыклад, зусім не лішні быў бы багушэвічаўскі радыкалізм, яго надзвычай актыўнае стаўленне да сацыяльных супярэчнасцей. «Полымя».
радыка́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць радыкальнага. Радыкальнасць поглядаў. Радыкальнасць мер.
радыка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да радыкала 2 (у 1 знач.). Радыкальная партыя.
2. Рашучы, найбольш дзейсны; карэнны. Радыкальныя меры. Радыкальныя змены. □ Урад СССР прапанаваў зрабіць самы радыкальны крок: вырашыць праблему раззбраення цалкам, раз і назаўсёды, для цяперашніх і будучых пакаленняў. «Звязда». // Які прытрымліваецца крайніх, рашучых поглядаў. «Мужыцкая праўда» — .. самае радыкальнае з усіх выданняў, якія выходзілі напярэдадні і ў час паўстання 1863 года. С. Александровіч. Радыкальная моладзь зачытвалася тварамі Вальтэра, Русо, Нямцэвіча і Карпінскага. Мальдзіс.
радыкулі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Хвароба карэньчыкаў спіннамазгавых нерваў. [Хадося:] У мяне спіна не гнецца, радыкуліт. Навуменка. Тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні такіх хвароб, як рэўматызм, радыкуліт, ішыяс. «Маладосць».
[Новалац. radiculitis, ад лац. radicula — карэньчык.]
рады́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што, без дап. і з дадан.
Паведаміць (паведамляць) па радыё. — Нам радыравалі, што заўтра ўначы прыляціць самалёт з Вялікай зямлі. Зуб.
рады́ска, ‑і, ДМ ‑дысцы; Р мн. ‑дысак; ж.
1. Аднагадовая агародная скараспелая караняплодная расліна сямейства крыжакветных.
2. зб. Невялікія ядомыя круглыя або падоўжаныя карані гэтай расліны з белай або чырванаватай мякаццю і чырвонай скуркай. Нарваць радыскі. □ [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску. Чарнышэвіч.
3. Асобны караняплод гэтай расліны. Пакаштаваўшы радыску, вырваную прама з градкі, Рыгор зазірнуў за амшанік. Б. Стральцоў.
рады́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Работнік, які абслугоўвае прыёмна-перадавальную радыёстанцыю. З гадзіну таму назад радыст прыняў шыфроўку з штаба злучэння партызанскіх атрадаў Палесся. Краўчанка.
рады́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да радыст.
ра́дыус, ‑а, м.
1. Адрэзак прамой, які злучае які‑н. пункт акружнасці або паверхні шара з цэнтрам, а таксама даўжыня гэтага адрэзка.
2. перан. Велічыня дзеяння, распаўсюджання чаго‑н. (у адносінах да якога‑н. цэнтра). Брыгада стаяла ў лясах і ў рэдкіх уцалелых ад карнікаў і авіябамбёжак лясных вёсачках у радыусе кіламетраў дванаццаць. Хадкевіч.
[Лац. radius — спіна, кола, прамень.]