расста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; заг. расстанься; зак.
1. Развітаўшыся, разысціся. На гэтым яны рассталіся, а назаўтра раніцай Вера была ўжо ў Зоі Максімаўны. Пальчэўскі. [Андрэй і Косця] рассталіся, калі першыя агністыя прамені сонца пырснулі з-за небасхілу. Чарнышэвіч. // Разлучыцца з кім‑н. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых, сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. // З’ехаць адкуль‑н. [Энрыка Фермі] З Венецыяй расстаўся і з Неапалем, Пакінуў назаўсёды дзіўны Рым. І. Калеснік.
2. перан. Адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. С. Александровіч. Не, Шайпак не расстанецца з марай сваёй, Будзе станцыі ставіць ён і над вадой!.. Куляшоў.
расстраля́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расстраляць.
расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.
2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.
3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.
4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.
расстро́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расстроіць.
2. у знач. прым. У якога парушаны музычны строй, лад. Расстроены раяль.
3. у знач. прым. Выведзены чым‑н. з добрага настрою; засмучаны. Вера Антонаўка пасля размовы з мужам выйшла да Юркі расстроеная і заплаканая. Карпаў. // Які суправаджае расстройства (у 5 знач.), засмучанасць. — Гэта ўсё вы нарабілі! — разгневаным і расстроеным голасам упікнула Раечка салдата. Лобан. Нават яснага вобраза Аўгіньчынага не мог .. [Віктар] адрадзіць у сваім расстроеным уяўленні. Зарэцкі.
расстро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Страціць правільнасць пастраення, стаць беспарадкавым. Калона ў момант ажывілася, расстроілася. Сачанка. Рады адразу расстроіліся, і стракаты натоўп завіраваў на платформе. Карпаў.
2. Страціць свой строй, лад (пра музычныя інструменты). Піяніна расстроілася.
3. Парушыцца, перарвацца ў сваім ходзе, працэсе. Гутарка расстроілася. Сувязь расстроілася. // Не збыцца ў выніку якіх‑н. акалічнасцей. План расстроіўся. Вяселле расстроілася.
4. Прыйсці ў заняпад. Гаспадарка расстроілася.
5. Прыйсці ў ненармальны, хваравіты стан. Здароўе расстроілася.
6. Прыйсці ў дрэнны настрой, засмуціцца. Святлана так расстроілася, што нават не запытала, якая гэта работа. Шахавец.
расстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
1. Парушыць строй, парадак чаго‑н. Расстроіць рады праціўніка. // Вывесці са стану раўнавагі, гатоўнасці. — Класавы вораг выкарыстоўвае любыя метады, каб расстроіць шчыльныя шэрагі бальшавіцкай моладзі. Мележ.
2. Парушыць строй, лад (музычнага інструмента). Расстроіць піяніна.
3. Перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н.; разладзіць. Расстроіць бяседу. Расстроіць вяселле. Расстроіць планы.
4. Прычыніць вялікую шкоду, прывесці ў заняпад. Расстроіць гаспадарку.
5. Давесці да ненармальнага стану, хваробы. Расстроіць страваванне.
6. Пазбавіць добрага настрою, засмуціць. Расстроіць непрыемнай весткай. □ — Ну, вядома, і яна плача. Адну парадаваў, другую расстроіў. Шынклер.
расстро́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да расстроіцца.
2. Зал. да расстройваць.
расстро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расстроіць.
расстро́йства, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расстройваць — расстроіць і расстройвацца — расстроіцца.
2. Замяшанне, разгубленасць. Калона прыйшла ў расстройства.
3. Няспраўны, заняпалы стан (у эканоміцы, гаспадарцы і пад.); беспарадак. Расстройства ў фінансавых справах. // Разлад, нелады паміж кім‑н. Сямейнае расстройства.
4. Захворванне, выкліканае парушэннем дзейнасці якіх‑н. органаў, сістэмы. Расстройства страўніка. Расстройства нервовай сістэмы.
5. Благі настрой, парушэнне душэўнай раўнавагі.
расстры́га, ‑і, м.
Служка рэлігійнага культу, пазбаўлены сану, або манах, пазбаўлены манаства.