недахо́п, ‑у, м.
1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.
недаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недацягнуць.
недацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.
1. Нацягнуць менш, чым патрэбна. Недацягнуць канат.
2. перан. Разм. Не выканаць у поўным аб’ёме чаго‑н. Недацягнуць да нормы. Недацягнуць план паставак.
недачува́нне, ‑я, н.
Дрэнны слых, глухаватасць. — Ну, дзед Ігнат, як страха падаецца? — яшчэ здалёк моцна крыкнула.. [Люба], ведаючы дзедаву бяду: недачуванне. Васілевіч.
недачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Дрэнна чуць, быць глухаватым. Стары.. адкашляўся. — Здароў, здароў, дачка. Сядай.. бліжэй да мяне, а то я ўжо недачуваю. Шамякін. Мікіта, як некалі і бацька яго, недачуваў на адно вуха. Чыгрынаў.
2. Незак. да недачуць.
недачу́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад недачуць.
недачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што, чаго і без дап.
Дрэнна, не поўнасцю пачуць што‑н.; праслухаць. [Крыштоп] ці недачуў.., ці гэтак стаміўся ў горадзе, што не хоча пасаг і падтрымаць жарт. Савіцкі.
недачы́таны, ‑ая, ‑ае.
Не прачытаны да канца. Недачытаная кніга. Недачытаны ліст.
недаяда́нне, ‑я, н.
Недастатковае харчаванне. Ад недаядання худзеў твар, але гарэлі вочы прамяністым бляскам — юнак ішоў па храму навукі. Пестрак.
недаяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Сістэматычна не наядацца; дрэнна харчавацца. Людзі працуюць, як праклятыя, недаядаюць, недасыпаюць, б’юцца, як рыба аб лёд, каб з зямлянак вылезці, каб перажыць галодную вясну і поле засеяць. Сяркоў. [Маці] недаядала, усё лепшае, чым магла разжыцца, пакідала сыну. Няхай.
2. Незак. да недаесці.