недахо́п, ‑у, м.
1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)