Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тандэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Нізкай якасці, з нізкай якасцю. На сцяне стрэльба, старасвецкі .. гадзіннік і некалькі тандэтных малюнкаў. Купала. [Зорын:] — Я з вас [рабочых] сем патоў выганю!.. Ну чаго варта такая работа, праверыць мне залатнікі!.. А тут трэба абтачыць бандажы!.. Зразумейце, нарэшце, што я тандэтнай работы не пацярплю! Гурскі.

тане́ма, ‑ы, ж.

Спец. Націск як сэнсаадрознівальная адзінка.

та́нец, ‑нца, м.

1. Від мастацтва, у якім мастацкі вобраз ствараецца сродкамі пластычных рухаў і рытмічнай змены выразных пастаў цела чалавека. Пластычны танец. Класічны танец.

2. Сукупнасць рытмічных і пластычных рухаў пэўнага тэмпу і формы, якія выконваюцца ў такт музыкі, а таксама музыка да гэтых рухаў. Беларускі танец. Украінскі танец. Вальны танец. □ Танцавальны калектыў калгаса «Камінтэрн» .. паказаў танец «Кросны», у якім расказваецца аб майстэрстве ткачых. «Беларусь».

3. Музычны твор у рытме, стылі і тэмпе музыкі да такіх рукаў. Венгерскія танцы Брамса.

4. толькі мн. (та́нцы, ‑аў). Забавы, у час якіх удзельнікі робяць такія рухі, танцуюць; танцавальны вечар. Цяпер жа ў вёсцы танцаў не было, і Валодзя быў нават здаволены. Федасеенка.

•••

Ні да танца, ні да ружанца — пра няўмелага, ні на што не здатнага чалавека.

[Польск. taniec ад ням. Tanz.]

тане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Абл. Танчэць. Лейкі цягнуць з-пад лубу Жывіцу густую, І, здаецца, Ствалы пачынаюць танець. Свірка.

танзані́ец,

гл. танзанійцы.

танзані́йка,

гл. танзанійцы.

танзані́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да танзанійцаў, які належыць, уласцівы ім. Танзанійская культура.

танзані́йцы, ‑аў; адз. танзаніец, ‑нійца, м.; танзанійка, ‑і, ДМ ‑нійцы; мн. танзанійкі, ‑ніек; ж.

Народ Танзаніі.

танзілі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Запаленне міндалін глоткі.

[Ад лац. tonsillae — міндалепадобныя залозы.]

танзу́ра, ‑ы, ж.

Выбрытае месца на макаўцы галавы ў духоўных каталіцкіх асоб.

[Ад лац. tonsura — стрыжка.]