тамга́, ‑і, ДМ ‑мзе, ж.
Гіст.
1. Кляймо, метка на чым‑н. як знак уласнасці (першапачаткова ў родавым грамадстве манголаў). // Пячаць, пячатка.
2. Гандлёвая пошліна ў Старажытнай Русі ў 13–15 стст., якую бралі, ставячы спецыяльнае кляймо на тавар.
[Цюрк.]
тамі́лы, ‑аў; адз. таміл, ‑а, м.; тамілка, ‑і, ДМ ‑лцы; мн. тамілкі, ‑лак; ж.
Народ, які жыве ў Індыі, Шры-Ланка, Малайзіі, Бірме, Аўстраліі.
тамі́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Прызначаны для тамлення якога‑н. матэрыялу, рэчыва. Тамільная печ. Тамільная камера.
тамі́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тамілаў, які належыць, уласцівы ім. Тамільская культура. Тамільская мова.
тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.
1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.
2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.
3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.
4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).
тамі́ць, тамлю, томіш, томіць; незак.
1. каго-што. Мучыць, знясільваць (цяжкай, непасільнай працай). Хутарская кожнадзённая работа вельмі таміла .. [Зосю]. Чорны.
2. каго-што. Прычыняць фізічныя або маральныя пакуты. Стоцкі таміў інжынера спецыяльнымі пытаннямі, быццам усё жыццё меў справу з электрастанцыямі. Карпюк. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці, нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца. Колас. // Пакутліва турбаваць, гнясці (пра пачуцці, думкі і пад.). «За чэрствы кавалак хлеба, За шклянку халоднай вады — Хіба ж чалавеку трэба Гэтулькі зносіць бяды?» Праклятае гэта пытанне Таміла цябе [Рэдыку] не раз. Глебка. Ночы былі светлыя, такія ціхія, што калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Мележ.
3. што. Спец. Вытрымліваць у пэўных умовах для атрымання неабходных якасцей. Таміць цэлюлозу.
тамле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. таміць (у 1, 2 знач.) і стан паводле дзеясл. таміцца (у 1, 2 знач.). Душы .. [панямонскіх інтэлігентаў] знаходзіліся ў стане тамлення і праглі дзейнасці, шукалі вострасці адчування, але выхаду не знаходзілі. Колас.
2. Спец. Дзеянне паводле дзеясл. таміць (у 3 знач.) і таміцца (у 3 знач.).
тамлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць тамлівага. Тамлівасць чакання.