таміць, тамлю, томіш, томіць; незак.
1. каго-што. Мучыць, знясільваць (цяжкай, непасільнай працай). Хутарская кожнадзённая работа вельмі таміла .. [Зосю]. Чорны.
2. каго-што. Прычыняць фізічныя або маральныя пакуты. Стоцкі таміў інжынера спецыяльнымі пытаннямі, быццам усё жыццё меў справу з электрастанцыямі. Карпюк. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці, нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца. Колас. // Пакутліва турбаваць, гнясці (пра пачуцці, думкі і пад.). «За чэрствы кавалак хлеба, За шклянку халоднай вады — Хіба ж чалавеку трэба Гэтулькі зносіць бяды?» Праклятае гэта пытанне Таміла цябе [Рэдыку] не раз. Глебка. Ночы былі светлыя, такія ціхія, што калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Мележ.
3. што. Спец. Вытрымліваць у пэўных умовах для атрымання неабходных якасцей. Таміць цэлюлозу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)