Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суме́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца супольна, разам; агульны. Сумесная работа. □ З якой замілаванасцю ўспамінаў .. [Вася] гады сумеснай вучобы ў школе, вясёлыя калгасныя вечарынкі. Краўчанка. Вунь колькі год мінула, а ўсё ж не забываюцца тыя сустрэчы ў вулачцы і сумесны паход у поле. Лупсякоў. Усе цёмныя бакі іх [Хадкевіча і Аксаны] сумеснага жыцця забыліся. Васілевіч.

су́месь, ‑і, ж.

1. Мешаніна розных рэчываў, элементаў, прадметаў. [Паўлік] стаў разбірацца, якая ж гэта сумесь, колькі тут культур. Выцягваючы па сцяблінцы, ён набраў і вікі, і гароху, і сырадэлі, і лубіну, і аўса, і ячменю, і бобу, і нават сланечніку. Дуброўскі. З сумесі цукру і патакі .. атрымліваюць цукрова-патачны сіроп. Рунец. // Прадукт, які атрымліваецца змешваннем якіх‑н. рэчываў. Аргана-мінеральныя сумесі. □ Мы падпальвалі .. [танкі] бутэлькамі з гаручай сумессю, падрывалі гранатамі. Хомчанка.

2. Спалучэнне чаго‑н. рознага, разнароднага. Сумесь урачыстай біблейскай мовы з бытавымі вобразамі надае ўроку дзяка цікавы камічны эфект. Шкраба. Хата сустрэла [Рыбака і Сотнікава] затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Быкаў.

суме́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; звычайна пр. сумеўся, ‑мелася; зак.

Збянтэжыцца; разгубіцца. Прывіталіся і абое сумеліся: .. [Андрыян] — ад нечаканасці,.. [Кацярына] — ад свайго пачуцця, якое не ўмела хаваць. Марціновіч. З непрывычкі кіраваць гэтакім вялікім сходам чалавек спачатку сумеўся. Чорны.

суме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., звычайна з інф.

Здолець, змагчы што‑н. зрабіць, ажыццявіць. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніяка[й] шкоды. Колас. Праз год, глядзіш, сумеў пабудаваць Бярвенца ў бярвенца хату. Корбан.

суме́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сумясціць.

2. у знач. прым. Разлічаны на адначасовае выкананне чаго‑н. Сумешчаны графік. // Які аб’ядноўвае ў сабе элементы розных збудаванняў. Сумешчаны санвузел.

сумёт, ‑а, М ‑мёце, м.

Намеценая ветрам гурба снегу. Ужо больш месяца ляжыць снег, намяло высокія сумёты на вуліцы, на гародах. Шамякін. Адна дэталь, і чытач ужо бачыць снежныя сумёты, чуе, як рыпіць снег. Грахоўскі.

сумётны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сумётаў; намецены ветрам (пра снег). Сымон так і не абіраў сёлета рабіну. У садку зіма гурбы снегу намяла, і дрэва ажно гарэла на фоне тае сумётнай белі. «Звязда».

сумёцісты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты сумётамі. На сумёцістым раздарожжы прывітае знаёмым шумам старая .. сасна. Вялюгін.

2. Падобны на сумёт. Адвярнуўся [Сахрон], пачаў глядзець зноў на неба, на тыя белыя, сумёцістыя аблокі, што ўсё плылі і плылі, беглі і беглі некуды ўдалячынь... Сачанка.

су́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Выраб са скуры, тканіны і пад., звычайна з ручкамі, прызначаны для нашэння чаго‑н. Гаспадарчая сумка. Прадуктовая сумка. Паштальёнская сумка. □ [Кандуктар] час ад часу папраўляла раменьчык сва[ёй] кандуктарск[ай] сумкі, каб не так рэзала плячо. Пальчэўскі. Нават смешна было глядзець на .. [Янука]: ватоўка расхрыстана, сумка з кнігамі закінута за спіну, шапка з’ехала на патыліцу. Хадкевіч. // Пра выраб такога тыпу для грошай і некаторых прыналежнасцей жаночага туалету.

2. У анатоміі — орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі. Сардэчная сумка. Сустаўная сумка.

3. У некаторых жывёл — поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.

4. Орган у некаторых грыбоў, у якім развіваюцца споры.

•••

Палявая сумка — сумка, у якой ваенныя носяць планы, карты.

Санітарная сумка — сумка з наборам медыкаментаў і перавязачных сродкаў, неабходных для першай дапамогі.

сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.