Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэстаўра́цыя, ‑і, ж.

1. Аднаўленне і ўмацаванне старых ці пашкоджаных помнікаў мастацтва, гісторыі і культуры. Рэстаўрацыя карціны. Рэстаўрацыя замка. □ Завершана рэстаўрацыя помніка старажытнарускай архітэктуры — Камянецкай абарончай вежы. «ЛіМ». Наша дзяржава асігнуе вялікія сродкі на даследаванне, рамонт, рэстаўрацыю і кансервацыю архітэктурных помнікаў. «Помнікі».

2. Аднаўленне ранейшага, звергнутага палітычнага ладу. Рэстаўрацыя капіталізму.

[Лац. restauratio.]

рэстаўры́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэстаўрыраваць.

рэстаўры́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да рэстаўрыраваць.

рэстаўры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Зрабіць (рабіць) рэстаўрацыю (у 1 знач.), аднавіць (аднаўляць) што‑н. старое, папсаванае. Рэстаўрыраваць карціну. Рэстаўрыраваць замак. □ Бачыў у Салотчы новую гасцініцу і шэдэўр старога манастыра, які якраз рэстаўрыравалі. Караткевіч. Усе архітэктурныя помнікі, у тым ліку і нядаўна выяўленыя, павінны ўвайсці ў спіс аб’ектаў, якія неабходна рэстаўрыраваць. «Помнікі».

2. Аднавіць (аднаўляць) мінулае, тое, што было адменена, што аджыло. Рэстаўрыраваць старыя парадкі.

рэстыту́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. У грамадзянскім праве — аднаўленне былых парушаных правоў з кампенсацыяй страт.

2. Здольнасць жывога арганізма аднаўляць страчаныя часткі.

[Лац. restitutio.]

рэсу́рсы, ‑аў; адз. рэсурс, ‑у, м.

Запасы, крыніцы чаго‑н. Харчовыя рэсурсы. Прыродныя рэсурсы. // Грашовыя сродкі. Падлічылі свае рэсурсы: было роўна тысяча рублёў. Ваданосаў.