рэпертуа́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэпертуару. Рэпертуарная п’еса. Рэпертуарная песня. □ Наогул, Астроўскі з’яўляецца самым рэпертуарным драматургам з рускіх і зарубежных класікаў у Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сабалеўскі.
рэпетава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да рэпетаваць.
рэпетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.
Спец. Паўтарыць (паўтараць) чые‑н. сігналы для таго, каб лягчэй было іх прыняць далёкімі караблямі ва ўмовах дрэннай бачнасці, а таксама ў знак таго, што іх правільна зразумелі.
[Ад лац. repeto — паўтараю.]
рэпеты́тар, ‑а, м.
Той, хто рэпеціруе (у 2 знач.). Зімою, калі былі заняткі ў семінарыі, .. [Лынькоў] быў рэпетытарам гультаяватых і тупаватых панічоў — купецкіх і чыноўніцкіх сынкоў. С. Александровіч.
[Ад лац. repetitor — той, хто паўтарае.]
рэпеты́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэпетытара. Рэпетытарская работа.
рэпеты́тарства, ‑а, н.
Работа, занятак рэпетытара. Зарабляць грошы рэпетытарствам.
рэпетыцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэпетыцыі. Рэпетыцыйны час. // Прызначаны для рэпетыцыя. Рэпетыцыйны пакой. Рэпетыцыйная вопратка.
рэпеты́цыя, ‑і, ж.
Развучванне, паўтарэнне або пробнае выкананне драматычнага, музычнага і пад. твора, прызначанага для спектакля, канцэрта і пад. Рэпетыцыя п’есы. □ У хуткім часе ў клубе зазвінелі галасы на спеўках, пачаліся рэпетыцыі. Дуброўскі.
•••
Генеральная рэпетыцыя — апошняя рэпетыцыя перад выступленнем, канцэртам.
[Ад лац. repretitio — паўтарэнне.]
рэпеці́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да рэпеціраваць.
рэпеці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.; каго-што.
1. і без дап. Праводзіць рэпетыцыю, развучваць, паўтараць ролю, п’есу і пад., рыхтуючыся да выступлення перад публікай. Узялі «Чайку».. Штовечар рэпеціравалі, хоць блізіліся экзамены. Шамякін. А Ольга Сцяпанаўна, якая працуе загадчыцай бібліятэкі, цэлы дзень спявае песні: яна ўдзельнічае ў самадзейнасці і рэпеціруе нават на кухні ля пліты. Бяганская.
2. Займаючыся з кім‑н. дадаткова, дапамагаць засвоіць неабходныя веды. Рэпеціраваць слабых вучняў.
[Ням. repetieren.]