рашы́цца, рашуся, рэшышся, рэшыцца; зак.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне абдумаўшы, знайшоўшы ў сябе сілы, смеласць на гэта; асмеліцца, адважыцца. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Колас. Старанна абтрасла [Хіма] снег ад лапцей, падумала. Рашылася пайсці. Прайшла адзін пакой, другі. За сталамі людзі сядзяць, пішуць. Каваль.
2. Атрымаць тое або іншае рашэнне. Задача рашылася. Ураўненне рашылася.
3. Разм. Страціць што‑н. [Бабка:] — Мы ўсяго, усяго рашыліся, толькі што на сабе засталося, ды так сюды і ўвайшлі. Няхай.
рашы́ць, рашу́, рэ́шыш, рэ́шыць; зак.
1. з інф. і з дадан. сказам. Пасля раздумвання, меркавання прыйсці да якога‑н. выніку, заключэння. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры. Лынькоў. [Талаш:] — Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. Колас. [Сёмка:] — А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш. Гартны.
2. з інф. і з дадан. сказам. Вынесці, прыняць рашэнне адносна каго‑, чаго‑н. [Чарнавус:] — Людзі самі рашылі: Глінскаму быць старшынёй, а мне ісці ў пастухі або ў вартаўнікі. Кулакоўскі.
3. што. Знайсці неабходны адказ, вызначыць невядомае. Рашыць красворд. Рашыць ураўненне. Рашыць арыфметычную задачу. // што. Вырашыць, ажыццявіць. Рашыць праблему. □ Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш, радзілі? Кулакоўскі.
4. што. Разм. Патраціць, расходаваць што‑н. нажытае. [Бабейка:] — У даўгі залез па самыя вушы, каб вы ведалі. Рашыць астатні набытак прыйдзецца. Хадкевіч. [Гальвас] быў непрактычны абібок. І каб на яго рукі ўсё асталося, ён рашыў бы маёнтак за адзін год. Чорны.
•••
Рашыць жыцця — забіць.
рашэ́нне, ‑я, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рашаць — рашыць (у 1–3 знач.).
2. Заключэнне, вывад, намер зрабіць што‑н. і пад., да якога прыходзяць пасля абдумвання, абмеркавання. Камандзір прыняў смелае рашэнне... — Зняць аўтаматчыкаў! Ісці да вёскі лесам. Шамякін. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.
3. Пастанова. Рашэнне суда. Рашэнні з’езда.
4. Адказ да задачы, красворда і пад.
•••
Саламонава рашэнне — мудрае рашэнне якога‑н. спрэчнага, складанага пытання.
рашэ́тнік, ‑а, м.
Ядомы грыб карычневага колеру з сятчастай з-пад нізу шапкай.
рашэ́ціна, ‑ы, ж.
Планка, перакладзіна ў рашотцы. На гумне высокі азярод. У дзірках рашэцін свішча .. вецер. Галавач.
рашэ́цісты, ‑ая, ‑ае.
У анатоміі — з вялікай колькасцю адтулін. Рашэцістая косць.
рашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; незак., каго-што.
Прабіваць, рабіць дзіркі ў многіх месцах. Юрка дзесьці дастае патроны і пасля трох «законных» рашэціць мішэнь сваімі. Жычка. [Ворагаў] рашэцілі кулямі ва ўпор, даганялі, білі наводмаш прыкладамі. Навуменка.