рабаўні́к, ‑а, м.
Той, хто рабуе каго‑, што‑н.; грабежнік. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг. Быкаў.
рабаўні́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які прыводзяць да разарэння каго‑н.; грабежніцкі. Рабаўніцкая палітыка царскага ўраду. Рабаўніцкая рэформа 1861 г.
рабаўні́цтва, ‑а, н.
Тое, што і рабаванне; грабежніцтва. Легіянеры часта рабілі налёты на сялянскія хаты, дзе займаліся рабаўніцтвам і катаваннем старых і малых. Бядуля. [Салавей:] — Забіраеце наш хлеб, вывозіце кароў. Гэта — рабаўніцтва, пан камендант. Грахоўскі.
рабаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рабаўніка, рабаўнікоў. Рабаўнічая натура. Рабаўнічая сутнасць.
2. Тое, што і рабаўніцкі. Рабаўнічая палітыка.
рабаце́ць, ‑ціць; незак.
Пакрывацца рабізной, невялікімі хвалямі. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Вылучацца, мільгацець рознымі колерамі; быць рабым ад чаго‑н. Акно-шыбіна густа рабаціць дробнымі кроплямі дажджу. Сачанка. / у безас. ужыв. Ад .. сукенак, абвешаных рознакаляровымі стужкамі, ажно рабацела ўваччу. Броўка.
рабаці́ністы, ‑ая, ‑ае.
З рабаціннем. Жонка Міхея, Лізавета, высокая і сухаватая, з дробнымі рысамі твару, кірпатая і рабаціністая, несла ўжо на стол буракі, і яны смачна пахлі мясам, перцам, кменам. Ермаловіч. На гэты брэх з дзвярэй зашклёнай веранды высунуўся рабаціністы тварык дзяўчынкі гадкоў на шэсць. Васілёнак.
рабаці́ніцца, ‑ніцца; незак.
Тое, што і рабацець. Кулі гудзелі, быццам пчолы каля вулля. Вада рабацінілася, кіпела. Няхай.
рабаці́ніць, ‑ніць; незак., што.
Тое, што і рабаціць.