Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неразме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які нельга размяняць, які не падлягае размену (пра грошы). Неразменная манета. // перан. Які застаецца заўсёды аднолькава каштоўным. Роздум, які ставіць задачы, напорыстая, скрупулёзная праца, якая іх вырашае, — вось адна з першасных нязменных і неразменных асноў паэзіі Багдановіча, яе стылю. Лойка.

неразры́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неразрыўнага. Неразрыўнасць сувязей.

неразры́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга раз’яднаць; непарыўны, непарушны (пра пачуцці, адносіны, сувязі і пад.). Неразрыўная дружба. Неразрыўныя вузы братэрства. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Гэта, перш за ўсё, .. адзін з тых «вінцікаў», чыя ціхая праца, увесь неразрыўны ланцуг штодзённых маленькіх перамог вельмі часта губляецца ў громе і бляску. Брыль.

неразуме́нне, ‑я, н.

Адсутнасць разумення; няздольнасць зразумець што‑н. Неразуменне сэнсу бурлівых падзей, якія тварыліся ў краіне, часта выклікала ў пісьменніка роспач. Каваленка. — Калі ж канец ужо? — пытае дзед, І ў словах — шчырае неразуменне. Гілевіч.

неразу́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не выяўляе дастатковай кемлівасці; разумова абмежаваны, тупы. Неразумны чалавек. // Які супярэчыць разважлівасці, цвярозай думцы; бяссэнсавы. Неразумная ўпартасць. Неразумнае рашэнне. □ Міхась Ланкевіч паспрабаваў спрачацца. Даказваў, што загад неразумны. Асіпенка.

нерасклада́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які нельга раскласці, падзяліць на састаўныя часткі; адзіны, непадзельны. Нераскладальнае словазлучэнне.

нераскры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які яшчэ не раскрыўся, не распусціўся (пра пупышкі, кветкі). Шышкі кедра паспяваюць толькі пад восень другога года і асыпаюцца нераскрытымі, з насеннем ўнутры. Гавеман.

2. Які застаўся нерастлумачаным, нявыяўленым. Нераскрытае злачынства. □ У зборніку [«Беларуская дарэвалюцыйная проза»] шырока прадстаўлены творы малавядомых пісьменнікаў, а таксама невядомых аўтараў, псеўданімы якіх асталіся нераскрытымі. С. Александровіч.

нераспазнава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які цяжка адрозніць ад другога, вельмі падобны, аднолькавы. Нераспазнавальныя рысы аблічча.

2. Такі, які цяжка, немагчыма разгледзець, распазнаць. Нераспазнавальныя адценні.

нераспара́дчасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нераспарадчага. Майстэрня часта працавала з перабоямі з-за недахопу запасных частак і нераспарадчасці Шнітава, але дырэктар і слухаць не хацеў, калі яму іншы раз гаварылі, што Шнітаў не на сваім месцы. Хадкевіч.

нераспара́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які не ўмее распарадзіцца, праявіць ініцыятыву, арганізаваць, наладзіць што‑н. Нераспарадчы прараб.