Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кірмашава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

Разм. Прымаць удзел у кірмашы. І хоць не з такім хваляваннем сягоння За свет, у краіны заморскія еду, Як некалі ехаў праз родныя гоні Па дровы, па сена, кірмашаваць з дзедам. Танк. Усё кірмашуе, пакуль грош за пазухай чуе. З нар.

кірма́шнік, ‑а, м.

Тое, што і кірмашовец.

кірма́шны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і кірмашовы.

кірмашо́вец, ‑шоўца, м.

Удзельнік кірмашу (у 1, 3 знач.).

кірмашо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кірмашу (у 1, 3 знач.), звязаны з ім. Кірмашовы дзень. Кірмашовая плошча. // Такі, як на кірмашы, уласцівы кірмашу. Кірмашовы характар гандлю.

•••

Кірмашовы тэатр — від народнага тэатра ў некаторых еўрапейскіх краінах (у Расіі існаваў да канца 19 ст.).

кі́рпа, ‑ы, ж.

Разм. Пра кароткі і задзёрты нос. Вяртаючыся назад, старшыня яшчэ здалёк убачыў, што яго новыя сябры з нецярпеннем пазіраюць на вуліцу, прыціснуўшы да шыб прыплюшчаныя кірпы. Навуменка.

кірпано́сы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З кароткім і задзёртым носам. Кірпаносы твар. Кірпаносае дзіця. / у знач. наз. кірпано́сы, ‑ага, м.; кірпано́сая, ‑ай, ж.

кірпа́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кірпатага.

кірпа́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кароткі і задзёрты (пра нос).

2. Тое, што і кірпаносы. Кірпаты хлопчык.

кі́рпаўка, ‑і, ДМ ‑паўцы; Р мн. ‑павак; ж.

Разм. Пра кірпаты нос. Міколка.., высунуўшы з-за кары сваю кірпаўку, назіраў за дзедавым практыкаваннем. Лынькоў.