Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кіда́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да кідальнік.

кіда́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для кідання. Кідальныя спартыўныя прылады.

кіда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кідаць.

кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі. Лобан. // Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў.

2. Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае. Чарнышэвіч. // Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. Астрэйка.

кіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі. С. Александровіч. // перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца. Крапіва.

2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў. Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў. Чорны. // Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша. Колас. // Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека. Кулакоўскі. // З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Чыгрынаў.

3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.

4. (з інф. і са словамі, якія абазначаюць дзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца. М. Стральцоў.

5. Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду. Шамякін. // Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў. Гартны. [Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца. Чорны.

6. Зал. да кідаць (у 1, 2 знач.).

•••

Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.

Кідацца ў абдымкі да каго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.

Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.

кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. □ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. □ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. □ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

кі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Такая колькасць чаго‑н., якую можна ўзяць за адзін раз і кінуць. Кідка сена. □ Зашорхалі рыдлёўкі ў зямлі, паляцелі кідкі направа і налева. Колас.

кі́дкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кідкага.

кі́дкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які рэзка кідаецца ў вочы; яркі, прыметны. — Надзень сабе так што, не кідкае, — прасіла і павучала маці. Паўлаў. Рабіна заружавела .. яркім, кідкім хараством. Мележ.

2. Падатлівы, ахвочы, схільны да чаго‑н. Самі ж радульцы — людзі не гаваркія, не надта кідкія на размовы з незнаёмымі людзьмі, і ад іх мы даведаліся мала што... Сачанка.

кідо́к, ‑дка, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. кідаць (у 1 знач.). Кідок мяча ў сетку. □ Леанід Прыгожы трапнымі кідкамі гранат і агнём з аўтамата знішчыў 8 гітлераўцаў. «Звязда».

2. Хуткае, імклівае перамяшчэнне з аднаго месца ў другое без перапынкаў, за адзін прыём. Камандзір танка гвардыі лейтэнант Анатолій Рак не давёў сваёй машыны да Мінска, але яго мужны кідок праз Бярэзіну ў горад Барысаў забяспечыў магчымасць цэлай часці зрабіць крок наперад. «Беларусь».

кіёк, кійка, м.

Невялікі кій; тое, што і кій. Разважліва гаварыў дзед Мікалай, абапёршыся на адпаліраваны да глянцу кіёк. Даніленка.