кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць,а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. ▪ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. ▪ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. ▪ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)