Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гаспады́нін, ‑а.

Які належыць гаспадыні. Гаспадыніна хустка.

гаспады́ньскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да гаспадыні, звязаны з работай гаспадыні. Гаспадыньская справа. □ Насцечка зусім страціла сваю ранейшую гаспадыньскую сталасць. Чорны.

гаспады́ньства, ‑а, н.

Разм. Дзейнасць, занятак гаспадыні. Беламу вясельнаму плаццю [Марыны] .. мала і замінаў фартух — сведчанне яе гаспадыньства. Шахавец.

гаспады́ня, ‑і, ж.

1. Жан. да гаспадар (у 1, 2, 3 і 4 знач.).

2. Разм. Жонка. А пасля настала хвіліна развітання, провадаў, нястрымных слёз гаспадыні і сарамлівых — гаспадара. Бярозкін.

•••

Хатняя гаспадыня — жанчына, якая не занята ў грамадскай вытворчасці, а вядзе хатнюю гаспадарку сваёй сям’і.

гаспо́да, ‑ы, ж.

Уст. Дом, жыллё гаспадара. Міхал злез з воза, кінуў вокам, У двор шыбуе мерным крокам, Ідзе, гасподу разглядае. Колас.

гаспо́дзь, го́спада, м.

Адна з назваў бога ў хрысціянскай рэлігіі.

•••

Госпадзі! (у знач. выкл.) — ужываецца для выражэння здзіўлення, нецярпення і пад.

Не дай гасподзь гл. даць.

гаспо́дні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да госпада. З крыжам гасподнім Людзей прадавалі, З крыжам дзіцё На сабаку мянялі. Корбан.

гастралёр, ‑а, м.

1. Артыст, які прыехаў на гастролі. Гастралёры выступалі на летняй эстрадзе.

2. перан. Разм. Пра чалавека, які часта мяняе месца работы; лятун. Кажуць, зноўку Ян без месца: За каршэнь яго ўзялі, У месца мяккае каленцам Гастралёру паддалі! Валасевіч.

гастралёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да гастралёр.

гастралёрства, ‑а, н.

1. Знаходжанне на гастролях.

2. перан. Разм. Паводзіны гастралёра (у 2 знач.).