Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да акуляраў (у 1 знач.). Акулярнае шкло.

акуля́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Аптычная прылада з двух шкельцаў з аглабелькамі. Служыць для выпраўлення недахопаў зроку або засцярогі вачэй ад пашкоджанняў. Ад шкельцаў акуляраў, як ад люстэрак, па траве скакалі сонечныя зайчыкі. Хомчанка. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсцю, невялікі задзёрты нос і прыплюшчаныя блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Колас.

2. Кружок больш светлай або цёмнай афарбоўкі вакол вачэй у жывёл.

•••

Акуляры наставіць гл. наставіць.

Глядзець праз ружовыя акуляры гл. глядзець.

акуля́рысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які носіць акуляры, з акулярамі. Вусаты, акулярысты, вельмі дабрадушны, .. [Бабарыка] паглядзеў на Собіча ўзбоч акуляраў. Скрыган.

акумулі́раванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. акумуліраваць.

акумулі́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад акумуліраваць.

акумулі́равацца, ‑руецца; зак. і незак.

Спец.

1. Сабрацца (збірацца), засяродзіцца (засяроджвацца), сканцэнтравацца (канцэнтравацца).

2. толькі незак. Зал. да акумуліраваць.

акумулі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Сабраць (збіраць), засяродзіць (засяроджваць), сканцэнтраваць (канцэнтраваць).

[Лац. accumulare.]

акумуля́тар, ‑а, м.

Прыбор для накаплення энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. Акумулятар сонечнай энергіі.

[Лац. accumulator — збіральнік.]

акумуля́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да акумулятара. Акумулятарная батарэя. Акумулятарная лямпачка.

акумуляты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да акумуляцыі. Акумулятыўны працэс.