Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ако́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да акарыць.

ако́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

Гарманічнае спалучэнне некалькіх музычных гукаў. [Зынга] ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. Калі б тая радасць і тое шчасце.. маглі б спяваць і звінець сваімі акордамі, то наша вуха чула б найцікавейшую на свеце музыку. Колас. // Гул; гукі. Акорд машын. Акорды лета.

•••

Акорд струн — набор струн для смычковага або шчыпковага інструмента.

Заключны (апошні, развітальны) акорд — дзеянне, з’ява, падзея і пад., якімі што‑н. завяршаецца, заканчваецца.

[Іт. accordo.]

ако́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да акорда. Акордавая музыка.

ако́рдны, ‑ая, ‑ае.

Які выконваецца, робіцца паводле дагавору; здзельны. Акордная заработная плата. Акордная работа.

ако́р’е, ‑я, н., зб.

Разм. Кавалкі кары.

ако́ршчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца акорваннем.

ако́ршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да акоршчык.

ако́рына, ‑ы, ж.

Разм. Кавалак кары.

ако́сак, ‑ска, м.

Старая, з вузкім, зрэзаным палатном каса. На двары, чутно, Васілька клепле касу. Яму Маня знайшла недзе акосак, каб хапіла сілы пацягнуць яго на Васільковы дванаццаць гадоў. Паўлаў.

ако́т, ‑у, М акоце, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. акаціцца.