Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ака́зія, ‑і, ж.

1. Зручны выпадак для паездкі або перасылкі чаго‑н. спадарожным транспартам. // Зручны, спрыяльны выпадак.

2. Нечаканае здарэнне, непрадбачаны выпадак. — Ого, вы сёння багата жывяце! — усклікнуў Сяргей. — Што ў вас за аказія такая, што трэба віном паліваць? Машара.

аказіяналі́зм, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Ідэалістычны погляд у еўрапейскай філасофіі 17 ст., які адмаўляў натуральную сувязь душы і цела, узаемадзеянне псіхічных і фізічных з’яў без непасрэднага ўмяшання бога.

2. ‑а. Слова, пабудаванае па законах дадзенай мовы, але ўжытае адзін раз, для дадзенага выпадку.

[Лац. occasionalis — выпадковы.]

аказіяна́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не адпавядае агульнапрынятаму ўжыванню, абумоўлены спецыфічным кантэкстам ужывання. Аказіянальнае слова.

акаймава́нне, ‑я, н.

Тое, што і акаймоўка.

акаймава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад акаймаваць.

акаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.

Абшыць, абкружыць чым‑н. у выглядзе каймы. // Стаць каймою, абкружыць сабою што‑н. Дашчаная агароджа акаймавала нядаўна пусты яшчэ, у грудах руін квартал, і з-за яе відаць ужо цагляная кладка сцен. Хадкевіч.

акаймо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да акаймоўваць.

акаймо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да акаймаваць.

акаймо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Палоска, якая акружае край чаго‑н. Пыл густым пластам укрываў.. твар [Собаля], чорнай акаймоўкай засох у кутках пухлявых пругкіх вуснаў. Паслядовіч.

акалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.

Абабіць калоцячы; абтрэсці. У садзе даспявалі грушы і познія яблыкі, і дзед баяўся, каб хто не залез і не акалаціў іх. Рунец. // Уручную збольшага абмалаціць, абабіць (пра снапы жыта). Увосень за школаю ды за іншымі справамі.. [Рыгор] толькі жыта на насенне акалаціў ды змалоў крыху, і цяпер яго турбавала думка пра малацьбу. Крапіва.