сенафура́ж, ‑у, м.
Сена, якое нарыхтавана па корм жывёле. Нарыхтаваць сенафураж.
сенафура́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сенафуражу.
сена́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сената. Сенацкая камісія. // Звязаны з дзейнасцю сената. Сенацкі ўказ.
сенберна́р, ‑а, м.
Парода вялікіх дужых, пераважна даўгашэрсных сабак, якія маюць добры нюх, а таксама сабака гэтай пароды.
[Ад імені манастыра Saint-Bernard у Альпах, дзе гэтую пароду сабак разводзяць для аказання дапамогі падарожнікам у гарах.]
се́нечкі, ‑чак; адз. няма.
1. Разм. Памянш.-ласк. да сені. Калі ў сенечках пачуліся цвёрдыя крокі і ў пакойчык зайшоў змакрэлы старшы лейтэнант, я ведаў, што рабіць. Навуменка.
2. Абл. Кладоўка пры хаце; клець. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.
се́нечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сянец, знаходзіцца ў сенцах. Сенечныя дзверы расчынены, адтуль патыхае пах свежага печыва. Лужанін. Па скрыпучых сенечных маснічынах, якія пахлі і паранай бульбай і мукой, [паліцай і Юля] прайшлі ў хату — яна была адчынена. Сачанка. Стафанковіч.. сарваў з сенечнай вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны.
сенеша́ль, ‑я, м.
Гіст.
1. У франкскай дзяржаве Меравінгаў — кіраўнік палацавай гаспадаркі.
2. У феадальнай Францыі — службовая асоба, якая ведала юстыцыяй і ваеннымі справамі акругі.
[Фр. sénéchal.]
се́ні, сяней; адз. няма.
Памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах. Кетэ моцна пацягнула.. [Іліко] за руку ў сені і моўчкі адкрыла дзверы ў пакой. Самуйлёнак.
сенніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сенніка.
сеннічо́к, ‑чка, м.
Памянш. да сяннік. Адзін за адным пачыналі класціся людзі на сваіх шчупленькіх казённых сеннічках, умошчваючыся плячо ў плячо на цвёрдых і брудных нарах. Колас. — Тая трава [у садзе] на сеннічок запланавана, — як малой растлумачыў мне Раманюк. Савіцкі.