Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няпра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не адпавядае якім‑н. правілам, нормам. Няправільнае развіццё арганізма. Няправільнае вымаўленне. □ — Мы вельмі рады, — сказаў.. [Бесо] няправільнай расійскай мовай. Самуйлёнак. // Які не адпавядае правілам сіметрыі. Няправільныя рысы твару.

2. Які не адпавядае ісціне; няверны, памылковы. Суддзя звыкла папярэджвае [сведак] аб адказнасці за няправільныя паказанні. Дадзіёмаў. [Люба:] — А няхай бы вы, будучы ў Мінску, зайшлі да .. [Стафанковіча] і сказалі, што млын кепска меле. [Млынар:] — Гэты абармот даў мне няправільны адрас, і я яго не знайшоў. Чорны.

3. Не такі, як трэба; несправядлівы. Няправільная палітыка. □ [Якуб:] — Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі.

•••

Няправільны дзеяслоў гл. дзеяслоў.

Няправільны дроб гл. дроб.

няпра́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што знаходзіцца ў супярэчнасці з праўдай; хлусня, мана. — Па-мойму, нічога няма добрага [у жыцці вясковага настаўніка], — скептычна адказвае Вольга Віктараўна. — Няпраўда, Вольга Віктараўна, — ёсць! Колас.

2. Ашуканства; падман. З нечым цяжкім на сэрцы выйшла я з касцёла, дзе ўбачыла столькі абману і няпраўды. Чорны.

няпро́шаны, ‑ая, ‑ае.

Які з’явіўся куды‑н. без запрашэння; нечаканы, нежаданы. Хлопчык ведаў: стары не любіць, калі ў садзе з’яўляюцца няпрошаныя госці. Сіняўскі. Слухаючы камандзіраў, Бярозка хваляваўся, яго часам нават апаноўваў няпрошаны страх. Шахавец. «Вось і схадзілі ў кіно», — падумала жонка, выціраючы няпрошаныя слёзы. Лынькоў.

няпэ́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан няпэўнага. Няпэўнасць рухаў. Няпэўнасць чутак.

2. Няпэўнае становішча. [Хадкевіч:] — Дрэнны канец, кажуць, лепш за прыемную няпэўнасць... Васілевіч. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці. Колас.

няпэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не зусім выразны, няясны. У паўзмроку.. вельмі мала што можна было ўбачыць. Трохі віднеліся няпэўныя абрысы тых дрэў, што раслі бліжэй к хаце. Кулакоўскі. Фарба на.. [куфры], некалі чырвоная, месцамі пацямнела і мела цяпер няпэўны буры колер. Сіўцоў. // Пра пачуцці, уяўленні, адчуванні і пад. І ўвесь вечар не пакідала.. [Аню] нейкая незразумелая не то трывога, не то няпэўнае чаканне. Васілевіч. Нейкі няпэўны настрой авалодвае Андрыянам. І светла на сэрцы ад сустрэчы з Юлькай, і точыць сумненне ці пакахае яна яго. Марціновіч.

2. Дакладна не ўстаноўлены. Была ў вагоне яшчэ жанчына з дзіцем на руках, малады мужчына ў сінім камбінезоне, чалавек няпэўнага ўзросту ў чорным бліскучым плашчы. Васілёнак.

3. Пазбаўлены цвёрдасці, упэўненасці, нерашучы. За дзвярыма пачуліся няпэўныя крокі босага чалавека. Бядуля. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі.

4. Такі, у якім нельга быць поўнасцю ўпэўненым; ненадзейны. Няпэўныя звесткі. Няпэўнае становішча. □ Пра дзяўчынку хоць трошкі было вядома, а наконт хлопчыка ўзнікалі розныя думкі і вельмі няпэўныя .. меркаванні. Кулакоўскі. Лічачы гэтую справу няпэўнай, дырэктар трымаў яе пакуль што ў сакрэце. Якімовіч.

няра́дасна,

1. Прысл. да нярадасны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё смутку, якое перажывае хто‑н. Нярадасна было на сэрцы і ў Лабановіча. Колас.

няра́дасны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены радасці, весялосці; сумны, журботны. У грудзях стала млосна ад нярадасных дум. Машара. // Які выклікае, прыносіць смутак, журбу. Ліда прынесла нярадасную вестку: ахову лагера, дзе знаходзіўся Мікола, узмацнілі. Федасеенка.

няра́на, прысл. безас. у знач. вык.

Позна. Калі Андрэй правёў.. [Яна], было ўжо нярана. Ноч стаяла месячная, марозная і ціхая. Чарнышэвіч. Косцік пачакаў, пакуль у акне Галінага пакоя бліснула святло, і панёс сваю скруху ў інтэрнат,.. хоць было ўжо нярана. Сабаленка.

няро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не знаходзіцца ў кроўным сваяцтве. Няродны бацька. □ Да сваёй старэйшай няроднай сястры (Макрэніна маці даводзілася мачыхай Таклюсі) Макрэна адносілася крыху з пагардай. Асіпенка. Рос. Юрка. Забывалася ўжо нават, што ён няродны Антосеў сын. Сачанка.

2. Не свой, чужы. Няродны дом.

няро́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць няроўнага (у 1–6 знач.).

2. Упадзіны і ўзвышшы на паверхні чаго‑н.; адсутнасць прамых ліній. Ішлі .. [людзі] хутка, але ногі іх зморана чапляліся за няроўнасці глебы, за траву. Шамякін.

3. Адсутнасць роўнасці ў чым‑н. Эканамічная няроўнасць. □ Рана.. [Я. Купала] спазнаў сацыяльную няроўнасць, рана навучыўся разумець, што такое панскае багацце і мужыцкая нядоля. Івашын.

4. У матэматыцы — алгебраічны выраз, які паказвае, што адна велічыня большая або меншая за другую.