няпэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Не зусім выразны, няясны. У паўзмроку.. вельмі мала што можна было ўбачыць. Трохі віднеліся няпэўныя абрысы тых дрэў, што раслі бліжэй к хаце. Кулакоўскі. Фарба на.. [куфры], некалі чырвоная, месцамі пацямнела і мела цяпер няпэўны буры колер. Сіўцоў. // Пра пачуцці, уяўленні, адчуванні і пад. І ўвесь вечар не пакідала.. [Аню] нейкая незразумелая не то трывога, не то няпэўнае чаканне. Васілевіч. Нейкі няпэўны настрой авалодвае Андрыянам. І светла на сэрцы ад сустрэчы з Юлькай, і точыць сумненне ці пакахае яна яго. Марціновіч.
2. Дакладна не ўстаноўлены. Была ў вагоне яшчэ жанчына з дзіцем на руках, малады мужчына ў сінім камбінезоне, чалавек няпэўнага ўзросту ў чорным бліскучым плашчы. Васілёнак.
3. Пазбаўлены цвёрдасці, упэўненасці, нерашучы. За дзвярыма пачуліся няпэўныя крокі босага чалавека. Бядуля. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі.
4. Такі, у якім нельга быць поўнасцю ўпэўненым; ненадзейны. Няпэўныя звесткі. Няпэўнае становішча. □ Пра дзяўчынку хоць трошкі было вядома, а наконт хлопчыка ўзнікалі розныя думкі і вельмі няпэўныя .. меркаванні. Кулакоўскі. Лічачы гэтую справу няпэўнай, дырэктар трымаў яе пакуль што ў сакрэце. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)