галашта́ннік, ‑а, м.
Разм. неадабр. Пра таго, хто ходзіць без штаноў, напаўраздзеты (звычайна аб дзецях).
галашта́нны, ‑ая, ‑ае.
Разм. неадабр. Без штаноў, напаўраздзеты. Галаштанны хлапчук.
галашчо́к, ‑у, м.
Абл. Вялікі мароз з ветрам (звычайна ў пачатку зімы да выпадзення снегу). Вось аднойчы ўдарыў галашчок, падзьмуў халодны, сіберны вецер і аднекуль прыгнаў цёмныя, нізкія хмары. Сачанка.
галашэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. галасіць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ніна ўявіла вёску, ахопленую пажарам, крыкі і галашэнне жанчын, дзікае рыканне жывёлы, і ў яе замерла сэрца. Шчарбатаў.
2. Від даўнейшых народных абрадавых песень: плач з выпадку смерці, выхаду замуж і пад. Маналогі Крыстыны пабудаваны на.. імправізацыі беларускіх.. песень і галашэнняў. «Полымя».
галга́н, ‑а, м.
Уст. лаянк. Галадранец; нягоднік. Пан пачынае з высокага ганка: — Як ты асмеліўся, галган пракляты, каля палаца хадзіць панібратам? Дубоўка. — Хапай, хапай яго, галгана! — закрычаў пан на лёкая. — Гэта ж Рымша! Якімовіч.
[З польск.]
галго́фа, ‑ы, ж.
1. Месца паблізу Іерусаліма, дзе, паводле біблейскіх паданняў, праводзілася пакаранне і дзе быў распяты Хрыстос.
2. перан. Месца нягод і пакуты, крыніца няшчасця. Вось яно маячыць ужо.. на спадах блізкай гары, славутае Каджорскае шасэ, галгофа многіх. Самуйлёнак.
[З арамейскай.]
гале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. галіць і галіцца.
гале́нь, ‑льня, м.
Абл. Стары венік без лісця; дзяркач. Маці, відаць, цэлы гай.. гальнёў сшаравала, Пакуль падлога Зрабілася гладкая. Барадулін.
гале́ра, ‑ы, ж.
Вялікае драўлянае мнагавёсельнае ваеннае судна (да пачатку 19 ст.).
[Іт. galera.]
гале́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галеры, галер. Галерная аснастка. Галерны флот.