Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

першачарго́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць першачарговага.

першачарго́вы, ‑ая, ‑ае.

Які выконваецца, ажыццяўляецца ў першую чаргу; неадкладны. Першачарговая задача. Першачарговыя патрэбы.

першаэлеме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Кніжн. Першы асноўны элемент, састаўная частка чаго‑н. Слова — першаэлемент літаратуры. □ Таму кожны цывілізаваны народ гэтак высока цэніць і аберагае як сваю мову, так і сваю песню, бо ў іх змяшчаюцца першаэлементы культуры нацыі, выяўляецца яе самабытнасць. «Полымя».

пе́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да адзін. Першы дом з краю. Першае паўгоддзе. Першы том. Першы параграф. □ Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце. Колас. // толькі мн. Пачатковыя ў радзе пералічаных прадметаў. Першыя кіламетры дарога ішла лесам. Якімовіч. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Колас.

2. у знач. займ. пе́ршы, ‑ага, м. Ужываецца для абазначэння асобы, прадмета і пад., якія былі названы раней. — Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Якімовіч.

3. Які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых. Да дошкі першым выклікалі хлопца. □ [Алесь:] — Мне давялося быць за мяжой, калі наша краіна першай запусціла спадарожнік. Шыцік. — Перакур! — скамандаваў Лазавік і першы лёг на траву. — Сядай, братва! Хомчанка. // у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, м. Тое, што адбылося або стала аб’ектам якога‑н. дзеяння раней за ўсё. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. Першае, што кінулася .. [Антону і яго сябрам] у вочы, — нідзе не відаць было саламяных стрэх. Пальчэўскі.

4. Які з’яўляецца, здараецца, адбываецца ў самым пачатку чаго‑н.; першапачатковы. Першае ўражанне. □ Вось і першы сонечны прамень бліснуў. Лынькоў. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас. // Які з’яўляецца пачатковым этапам, ніжэйшай формай чаго‑н. Першая фаза камунізма. // Які з’явіўся ўпершыню ў сезоне, новы, ранні (пра з’явы прыроды, расліны і пад.). Першыя замаразкі. Першыя кветкі. □ Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі шлях. Мележ. У аконныя шыбы глядзіць першая вясна. Чорны. // Які здарыцца, адбудзецца ў бліжэйшы час. Пры першай магчымасці.

5. Які раней не існаваў, не ўзнікаў. Першы штучны спадарожнік Зямлі. Першая ў свеце сацыялістычная дзяржава. □ Значную з’яву ў гісторыі беларускага тэатра ўяўляе першы беларускі прафесійны тэатр, які насіў назву «Народны тэатр». «Беларусь». // Не спазнаны раней. Першае каханне. □ Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора. Ваданосаў.

6. Які пераўзыходзіць у якіх‑н. адносінах усіх іншых. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Сашка так стараецца, што настаўніца дзівіцца: ледзь не першы вучань. Дадзіёмаў. [Юрка:] — Ён тут у нас, брат, цяпер першы грамацей. Якімовіч. // Самы лепшы, выдатны. Першы гатунак. Купэ першага класа. □ — Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў. Чорны. // Самы важны, галоўны. Першы сакратар. Рэчы першай неабходнасці.

7. Перадавы, вядучы. Ваяваць у першым эшалоне. □ На варце краіны, — На сушы, ў марах, — Байцы-камсамольцы У першых радах. Колас. Што будзе з дачкою? Бяда! На работу — першая, але і на гульні таксама. Пестрак.

8. Які выконвае асноўную партыю ў аркестры, хоры і пад. Першая скрыпка ў аркестры. // Які вядзе асноўную мелодыю, верхні. Першыя галасы хору.

9. у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, н. Рэдкая страва, якая падаецца ў пачатку абеду (суп, боршч і пад.). З’есці першае. □ На першае.. [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. Лобан.

10. У граматыцы — які ўказвае, што суб’ектам дзеяння з’яўляецца сам гаворачы. Першая асоба дзеяслова.

11. у знач. пабочн. пе́ршае. Разм. Тое, што і па-першае.

•••

Першая дапамога гл. дапамога.

Першае мая гл. май.

З першага знаёмства гл. знаёмства.

З першых рук гл. рука.

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

На першы абыходак гл. абыходак.

На першы выпадак гл. выпадак.

На першы погляд гл. погляд.

Не першага веку гл. век.

Не першай маладосці гл. маладосць.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні — пра складаныя сітуацыі, у якія трапляюць многія.

Першай гільдыі гл. гільдыя.

Першай рукі гл. рука.

Першая ластаўка гл. ластаўка.

Першы блін камяком гл. блін.

Першы крок гл. крок.

Першы сустрэчны гл. сустрэчны.

У першую чаргу гл. чарга.

пе́ршынец, ‑нца, м.

1. Першае, старэйшае дзіця. Яму, першынцу ў сям’і, змалку выпаў нялёгкі абавязак няньчыць меншых братоў і сястрычак. С. Александровіч.

2. перан.; чаго або які. Тое, што з’явілася ці было створана першым у адносінах да наступных падобных прадметаў. На ўскраіне нашага горада разлёгся сваімі новымі карпусамі першынец індустрыялізацыі нашага краю — завод сельскагаспадарчых машын. Сабаленка.

першынствава́ць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Быць першым у чым‑н., у якім‑н. спаборніцтве. Першынстваваць у спартыўных гульнях. □ Цяпер ужо не .. [Ілля] першынстваваў на тралёўцы, а іншыя. Мяжэвіч.

першынство́, ‑а, н.

1. Першае месца ў чым‑н., у якім‑н. спаборніцтве. Заваяваць першынство ў сацыялістычным спаборніцтве. Асабістае першынство. □ Наш полк ужо на працягу трох год трымае першынство ў дывізіі па ўсіх галінах баявой вывучкі. Каваль.

2. Спаборніцтва за першае месца ў якім‑н. відзе спорту. Першынство СССР па футболу. Першынство свету па шахматах.

•••

Пальма першынства гл. пальма.

першыня́, ‑і, ж. (звычайна з адмоўем «не»).

Разм. Першы раз. Выдатных спевакоў мне чуць не першыня. Крапіва. — Не трэба было, панічыку, мяшацца, — аўтарытэтна зазначыў стараста: — у нас гэта не першыня, паб’юцца і разыдуцца. Колас. — Што мне, першыня? — важна прамовіў Уладзік, беручыся за аброць і перакідаючы павады на шыю каня. Васілевіч.

першэро́н, ‑а, м.

Парода ламавых коней, а таксама конь такой пароды.

[Фр. percheron.]

пе́ры,

У персідскай міфалогіі — міфічная істота ў выглядзе прыгожай крылатай жанчыны, якая ахоўвае людзей ад злых духаў.

[Перс. päri.]