Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распуха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распухнуць.

распу́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які распух, апух. Сцепаніда плакала, шморгала распухлым носам, туліла да грудзей малодшых — Валерку і Волечку. Асіпенка. [Хлопец] дакрануўся да распухлай губы. — Б’ешся ты здорава, — засмяяўся ён. Караткевіч.

2. перан. Разм. Які моцна павялічыўся ў памерах, аб’ёме. [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі.

распу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. распух, ‑ла; зак.

1. Моцна апухнуць; ацячы. Чыжык вельмі пахудзеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Лупсякоў. Хлопчыка пакусалі пчолы, ён увесь распух і пакутаваў страшэнна. Васілевіч.

2. перан. Разм. Моцна павялічыцца ў памерах. Ручай распух і выйшаў з берагоў. Шамякін.

распу́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распушыць.

распу́швацца, ‑аецца.

Незак. да распушыцца.

распу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распушыць.

распу́шчанасць, ‑і, ж.

Нявытрыманасць у паводзінах, недысцыплінаванасць. // Амаральнасць, разбэшчанасць.

распу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распусціць.

2. у знач. прым. Які свабодна падае; не сабраны ў вузел, у прычоску (пра валасы). З распушчанымі валасамі, з залітымі агнём шчочкамі .. [Ядвіся] была незвычайна прыгожая. Колас.

распушы́цца, ‑пушыцца; зак.

Стаць пушыстым. Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў. // Натапырыць поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак. // Распусціць маладое лісце, кветкі і пад. Берагі возера абраслі асакою і чаротам, на вуліцы закучаравіліся маладыя бярозкі, распушыліся клёны і ліпы. Чарнышэвіч.

распушы́ць, ‑пушу, ‑пушыш, ‑пушыць; зак., што.

1. Расцерабіўшы, расчасаўшы, зрабіць пушыстым (шэрсць, валасы, пер’е і пад.). Вецер распушыў яе густыя залацістыя косы. «Маладосць». // Натапырыць (поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак). [Папугай] чубок распушыць і скрыпіць, як стары дзядок: «Добры вечар». Даніленка. // Раскрыць, распусціць (пупышкі, кветкі). Вербалоз толькі што распушыў свае каткі. Дамашэвіч.

2. перан. Разм. Раскрытыкаваць каго‑н., насварыцца на каго‑н. Бацьку сёння на сходзе распушылі пасля справаздачы, знялі з старшыні калгаса. Кулакоўскі.