Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суме́жжа, ‑а, н.

Разм. Паласа, тэрыторыя, якая мяжуецца з чым‑н.

суме́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сумежнага; непасрэдная блізкасць. Сумежнасць паняццяў. □ Прэфікс пры- служыць для ўказання на прасторавую блізкасць да таго або на сумежнасць з тым, што абазначана ўтвараючай асновай. Граматыка.

суме́жнік, ‑а, м.

Разм. Прадпрыемства, звязанае з іншым у вырабе тавараў. Заводы-сумежнікі.

суме́жны, ‑ая, ‑ае.

Які размешчаны побач, паблізу; суседні. У гэтым годзе выйшла так, што і Пятрок, і Кузьма на сваіх сумежных палетках будуць сеяць жыта. Нікановіч. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. В. Вольскі. // перан. Цесна звязаны з чым‑н.; падобны, блізкі. Кожны з .. [членаў брыгады] па прыкладу брыгадзіра асвоіў сумежныя прафесіі, а многія па яго ж прыкладу сталі рацыяналізатарамі. Лось. Паэт-эрудыт, Багдановіч у сваёй працы заўсёды кіраваўся яшчэ адным вельмі важным запаветам: паэзія не павінна развівацца ў адрыве ад сумежных відаў мастацтва. Лойка.

суме́сна, прысл.

Разам, супольна. Яны [дружбакі] — З аднаго палка. Сумесна трывогі спазналі, Ішлі па дарогах вайны. Калачынскі. / З прыназ. «з» утварае спалучэнне з Т. [Егер:] — Я сам бачыў выдру, якая жыла сумесна з бабрамі ў хатцы на Бярозе, супроць вусця капала. В. Вольскі.

суме́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сумеснага; сумеснае ажыццяўленне чаго‑н. Сумеснасць дзеянняў.

суме́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца супольна, разам; агульны. Сумесная работа. □ З якой замілаванасцю ўспамінаў .. [Вася] гады сумеснай вучобы ў школе, вясёлыя калгасныя вечарынкі. Краўчанка. Вунь колькі год мінула, а ўсё ж не забываюцца тыя сустрэчы ў вулачцы і сумесны паход у поле. Лупсякоў. Усе цёмныя бакі іх [Хадкевіча і Аксаны] сумеснага жыцця забыліся. Васілевіч.

су́месь, ‑і, ж.

1. Мешаніна розных рэчываў, элементаў, прадметаў. [Паўлік] стаў разбірацца, якая ж гэта сумесь, колькі тут культур. Выцягваючы па сцяблінцы, ён набраў і вікі, і гароху, і сырадэлі, і лубіну, і аўса, і ячменю, і бобу, і нават сланечніку. Дуброўскі. З сумесі цукру і патакі .. атрымліваюць цукрова-патачны сіроп. Рунец. // Прадукт, які атрымліваецца змешваннем якіх‑н. рэчываў. Аргана-мінеральныя сумесі. □ Мы падпальвалі .. [танкі] бутэлькамі з гаручай сумессю, падрывалі гранатамі. Хомчанка.

2. Спалучэнне чаго‑н. рознага, разнароднага. Сумесь урачыстай біблейскай мовы з бытавымі вобразамі надае ўроку дзяка цікавы камічны эфект. Шкраба. Хата сустрэла [Рыбака і Сотнікава] затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Быкаў.

суме́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; звычайна пр. сумеўся, ‑мелася; зак.

Збянтэжыцца; разгубіцца. Прывіталіся і абое сумеліся: .. [Андрыян] — ад нечаканасці,.. [Кацярына] — ад свайго пачуцця, якое не ўмела хаваць. Марціновіч. З непрывычкі кіраваць гэтакім вялікім сходам чалавек спачатку сумеўся. Чорны.

суме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., звычайна з інф.

Здолець, змагчы што‑н. зрабіць, ажыццявіць. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніяка[й] шкоды. Колас. Праз год, глядзіш, сумеў пабудаваць Бярвенца ў бярвенца хату. Корбан.