непрыстасава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан непрыстасаванага; няўменне прыстасавацца да чаго‑н. Цяпер старшыні ўсе прыезджыя, і.. [Дзям’ян] добра ведаў непрыстасаванасць іх побыту да новых умоў, ведаў, як падысці і наладзіць кантакт. Дуброўскі.
непрыстасава́ны, ‑ая, ‑ае.
Няздольны прыстасавацца да чаго‑н. [Стрыжоў] наогул выглядаў нейкім самотным, непрыстасаваным да жыцця. Карпаў. // Непрыдатны, непадыходзячы для чаго‑н. Непрыстасаванае памяшканне.
непрысто́йна,
1. Прысл. да непрыстойны.
2. безас. у знач. вык. У супярэчнасці з прыстойнасцю. Непрыстойна Не давяраць таму, хто вам даверыў. Глебка. Мне нешта падказвала, што маўчаць доўга нельга, непрыстойна. Ракітны.
непрысто́йнасць, ‑і, ж.
1. Якасць непрыстойнага. Непрыстойнасць паводзін.
2. Непрыстойна ўчынак, непрыстойныя словы. Не дапускаць непрыстойнасцей. Гаварыць непрыстойнасці.
непрысто́йны, ‑ая, ‑ае.
Які не адпавядае правілам прыстойнасці. Непрыстойны анекдот. □ [Славік:] — Клянуся. Я адкушу сабе язык, калі з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова. Шамякін.
непрысту́пнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць непрыступнага. Старшыня-генерал рабіў уражанне поўнай непрыступнасці. Крэпасць нейкая — дый годзе. Пестрак.
непрысту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога цяжка або немагчыма наблізіцца; цяжкі для падыходу, узыходжання. Паграбішча было вялізным возерам з багністымі непрыступнымі берагамі. Асіпенка. Імкліва, нястрымна неслася вада ракі то роўнай лагчынай, то паміж непрыступных скал. Галавач. // Такі, якім цяжка авалодаць; які добра абараняецца, добра ўмацаваны. Непрыступная крэпасць. Непрыступны рубеж.
2. перан. Такі, да якога цяжка падступіцца: ганарысты. Галіна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Шамякін. А перад вачамі ўсё так і стаяў высокі, з белымі калматымі бровамі стары, .. горды і непрыступны ў размове. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку. І вось.. [Алесь] сядзіць на заднім сядзенні адкрытай вайсковай машыны. Абапал — два штыхі, два непрыступныя твары пад коскамі. Брыль.
непрытво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які пазбаўлены прытворства; шчыры. [Андрэй Міхайлавіч] з радаснай і непрытворнай усмешкай паглядзеў проста ў вочы высокаму [чалавеку], які стаяў побач з Коркія. Самуйлёнак.
непрыто́ены, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не хочуць або не могуць затаіць. Альбіна з непрытоенай зайздрасцю глядзела на Галю. Сабаленка. Словы .. вырваліся самі сабой, у іх было шчырае, непрытоенае шкадаванне. Мележ.
непрыто́мнасць, ‑і, ж.
1. Страта прытомнасці, выкліканая хваравітым станам або душэўным узрушэннем. У непрытомнасці.. [Антаніна Мікалаеўна] асунулася на зямлю. Шчарбатаў. Паддубны быў у непрытомнасці. М. Ткачоў.
2. Крайняя ступень душэўнага ўзрушэння, пры якой траціцца здольнасць валодаць сабой. Хацелася [Тані] крыкнуць: «Хопіць!» Ды побач маці і Хімка, захлёбваючыся да непрытомнасці, мармыталі свае малітвы. Гроднеў. Іліко і Вано стаялі ў кутку, напалоханыя да непрытомнасці. Самуйлёнак.