непрысту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога цяжка або немагчыма наблізіцца; цяжкі для падыходу, узыходжання. Паграбішча было вялізным возерам з багністымі непрыступнымі берагамі. Асіпенка. Імкліва, нястрымна неслася вада ракі то роўнай лагчынай, то паміж непрыступных скал. Галавач. // Такі, якім цяжка авалодаць; які добра абараняецца, добра ўмацаваны. Непрыступная крэпасць. Непрыступны рубеж.

2. перан. Такі, да якога цяжка падступіцца: ганарысты. Галіна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Шамякін. А перад вачамі ўсё так і стаяў высокі, з белымі калматымі бровамі стары, .. горды і непрыступны ў размове. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку. І вось.. [Алесь] сядзіць на заднім сядзенні адкрытай вайсковай машыны. Абапал — два штыхі, два непрыступныя твары пад коскамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)