Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

невядо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы. Дзень добры, невядомая краіна! Сіпакоў. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна. Пальчэўскі. Нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў.

2. Нязведаны, не перажыты раней. У Ніны ўявілася невядомае дагэтуль пачуццё рэўнасці. Гурскі.

3. Які не карыстаецца шырокай папулярнасцю; малавядомы. Невядомы артыст.

4. у знач. наз. невядо́мы, ‑ага, м.; невядо́мая, ‑ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы ў шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ. Пальчэўскі.

5. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. Аб чым‑н. нязведаным. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.

6. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. У матэматыцы — велічыня, якую трэба знайсці; проціл. вядомае. Ураўненне з двума невядомымі.

невялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Нязначны па велічыні і памерах; малы. Невялікі пакой. Невялікія вокны. □ У цэнтры паляны высіўся двухпавярховы драўляны дом з невялікім садам, агародам і гаспадарчымі прыбудовамі. В. Вольскі. Ад лесу .. да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы. Чорны. // Невысокі ростам. Адчыніліся дзверцы, і з машыны выскачыў невялікага росту чалавек: жвавы, хударлявы, але ўжо немалады. Мяжэвіч. // Нязначны па колькасці, нешматлікі. Вось у вышыні са свістам праляцела невялікая чародка качак-цыранак. Аляхновіч. // Нядоўгі (пра час). Брыгадзе далі невялікі адпачынак. Мележ.

2. Нязначны па сіле, інтэнсіўнасці, якасці, зместу і пад. Невялікі вецер. Невялікая радасць. □ Пагода стаяла сухая з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч.

3. Які не мае вялікага значэння ў грамадстве. Невялікі чын. □ [Астап:] — Чалавек я.. службы невялікай, у вока дужа каму не кідаюся. Лынькоў.

4. Які нічым не вылучаецца; пасрэдны. Невялікі знаўца. Невялікі грамацей.

невялі́чкі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і невялікі (у 1, 2 знач.); маленькі. Па вадзе плылі невялічкія лодкі. Юрэвіч. Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў. Невялічкі марозік за ноч пакрыў інеем .. лісты. Краўчанка.

невярта́нне, ‑я, н.

Непрыезд, непрыход назад.

невясёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сумуе; сумны. [Сярго:] Вы што ж такі пануры, невясёлы? [Бэсман:] У нас вясёлага не вельмі шмат. Глебка. Убачыўшы свайго сябра невясёлым, Ціма запытаў: — Чаго такі кіслы? Шчарбатаў. // Які выражае смутак, журбу. Невясёлая ўсмешка. Невясёлыя вочы.

2. Які выклікае смутак, журбу; непрыемны. Невясёлы мой лёс, невясёлы... Пакідаю я родныя сёлы. Куляшоў. Покут голы, невясёлы, Як у той павеці. Крапіва. Ноччу Мікола не спаў. Сядзеў каля папялішча пад уцалелай яблыняй і думаў невясёлую думу. Якімовіч.

негаваркі́, ‑ая, ‑ое.

1. Не схільны ўступаць у размовы; маўклівы. Міхась, якога Леанід ведаў як негаваркога хлопца, на гэты раз расказваў пра сябе ахвотна. Шахавец. Негаваркія былі людзі ў гэты дзень. Лынькоў.

2. Які ўхіляецца ад размоў з людзьмі; замкнуты. Сцяпан захварэў на глыбокі зацяжны сум. Мая заставала яго дома ўнураным у кнігу і негаваркім. Дуброўскі.

негада́ны, ‑ая, ‑ае.

Нечаканы, неспадзяваны; непрадбачаны. Негаданы госць. □ — Паэзіі тут .. не абярэшся! — падхватвае Лабановіч. — Новыя мясціны, новыя людзі, негаданыя прыгоды падарожжа, начлег дзе-небудзь на ўлонні прыроды, касцёр, цёмнае неба і ясныя зоры... Колас.

не́гадзь, ‑і, ж.

Абл. Непагадзь. Касцы могуць касіць і ў негадзь, у дождж яшчэ лепш косіцца. Сабаленка.

негаманкі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Негаваркі, маўклівы. Негаманкі, спакойны Чапылоў іншы раз падыдзе да Кастуся, агледзіць яго работу. Прокша. // Які не робіць шуму; ціхі. Налева ад грудка — у засені старых негаманкіх хвой — могілкі. Васілевіч.

негара́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае высокай тэмпературы, не стварае гарачыні. Негарачы чай. □ Негарачае восеньскае сонца залівала пакой святлом. Самуйлёнак.

2. Халаднаваты, памяркоўна цёплы. Негарачае лета.