Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

валацу́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Быць валацугам (‑ай), не мець пастаяннага месца жыхарства. // Пагард. Часта мяняць працу і месца жыхарства; бадзяцца.

валацу́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы валацугу (‑зе); звязаны з валацужніцтвам; бадзяжны. Думкі аб Радзіме, аб сваім валацужным жыцці, аб сыне не пакідалі.. [Андрэя Пятровіча] ні на хвіліну. Скрыпка.

валача́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які пастаянна пераходзіць з месца на месца, не маючы пэўнага прытулку. Валачашчая сука прыбілася сюды і паспела ўжо тут ашчаніцца. Чорны.

валачо́бнік, ‑а, м.

Уст. Песеннік, які ходзіць у велікодныя дні па дварах з віншавальнымі песнямі. Настаў вялікдзень. Пайшоў Сцяпанка з іншымі хлапчукамі ў валачобнікі на ўсю ноч. Бядуля.

валачо́бны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да валачобнікаў. Валачобныя песні. // Уласцівы валачобніку, такі, як у валачобніка.

валачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. валок, ‑лакла, ‑лакло; заг. валачы; незак., каго-што.

1. Цягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Галлё для маскіроўкі неслі з ляска, валаклі за сабой, прымінаючы траву. Мележ.

2. Несці, везці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Ускрай дарогі Патапчык валок два вялізныя мяхі: адзін ён трымаў перад сабою, а другі за плячамі. Чарнышэвіч. На гасцінцы грукатала, там ішлі машыны з прычэпамі. Аўтакалона валакла лес на сплаў да Віліі. Пташнікаў.

3. Разм. Весці сілком куды‑н. [Дзяўчына] не бачыла, як скруцілі фашысты хлопцу рукі, як білі яго, як валаклі ў гестапа. Васілёнак.

4. Разм. Красці. [Маргун:] Праўда, бралі некаторыя... і з двара валаклі і лес секлі. Крапіва.

•••

Ледзь ногі валачы — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

валачы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для валачэння. Валачыльны стан.

валачы́льня, ‑і, ж.

Спец. Стальная дошка для валачэння.

валачы́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца валачэннем.

валачы́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да валачыльшчык.