акругле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. акругляць — акругліць і стан паводле знач. дзеясл. акругляцца — акругліцца.
акру́глены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад акругліць.
2. у знач. прым. Які мае закругленыя абрысы. Флігель .. упіраецца сваім акругленым фасадам у бок вялізнага парку. Бядуля.
акругле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Зрабіцца круглейшым; набыць акруглую форму; акругліцца. Алёшка вымыў пражку ў расе і стаў абчышчаць яе ад іржы. Раптам вочы яго акруглелі, на твары з’явілася ні то здзіўленне, ні то спалох.. Значыць, тут ён, бацька, загінуў. Якімовіч.
акруглі́цца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Стаць круглым, больш круглым; набыць акруглую форму. Ад нечаканасці і здзіўлення ў Дзямідчыка акругліліся вочы. Краўчанка. // Папаўнець у целе. Аднойчы Граноўская заўважыла, што сын раптам пачаў папраўляцца, неяк акругліліся шчокі, папаўнелі. Гурскі. А на Пятровіча калі зірнуць — Раздаўся ўшыркі, акругліўся, Нібы гарбуз той, сокамі наліўся. Валасевіч. // перан. Канчаткова скласціся, аформіцца (пра думку, мову і пад.). Сапраўды, жанчына тая не надта разумная, не вельмі разборлівая, і яна будзе.. [Хвядосу] ва ўсім памагаць. І толькі гэтая думка акруглілася, як загула ззаду машына. Кавалёў. // Закончыцца, дасягнуць круглага ліку. [Рыгор Іванавіч:] — Восьмы дзесятак акругліўся летась чалавеку, а на адпачынак ні за якія грошы не хоча. Ляўданскі.
акруглі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Зрабіць круглым; падаць чаму‑н. акруглую форму. Далёкія кусты ў тонкім прыцемку раскупчасціліся, акруглілі свае абрысы і ў гордасці сваёй ядлаўцовай застылі перад адзінокай вярбою. Чорны. // Зрабіць больш кампактным. Невядома, што будзе далей з арэндаю, бо скарб хоча пусціць гэтую зямлю на замену з сялянамі на канцы вясковых шнуроў, якія падыходзяць або ўкліняюцца ў скарбовы лес, каб такім чынам акругліць княжацкія ўладанні. Колас. // перан. Разм. Надаць закончаны выгляд (думцы, фразе і пад.).
2. Выразіць у круглых лічбах. Акругліць дзесятковы дроб.
3. перан. Разм. Давесці да значных памераў; павялічыць. Акругліць суму.
акру́глы, ‑ая, ‑ае.
Які мае закругленыя лініі, абрысы, акругленую форму. У памяці Тоні паўстаў прыгожы, у меру акруглы твар маладой жанчыны. Асіпенка. Выраз.. цёмных акруглых вачэй [Ядвісі] часта змяняўся. Колас.
акругля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да акругліцца.
2. Зал. да акругляць.
акругля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да акругліць.
акруго́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да акругі. Акруговы суд. Акруговая камісія.