акрапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да акрапіцца.
2. Зал. да акрапляць.
акрапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да акрапіць.
акра́са, ‑ы, ж.
1. Аздоба, якая ўпрыгожвае што‑н. звонку, надае прыемны выгляд; упрыгожанне. І рабіне зноў радасна стала, Што жыццё і акрасу прыдбала. Журба. Мне здаецца, што гэта была яшчэ адна.. характэрнасць [К. Чорнага]: слухаць, як з чужога голасу гучыць слова, гэтая найпершая акраса любога твора. Скрыган.
2. Скорам, тлушч, якімі запраўляюць страву; закраса. Калі ў яе [Магрэты] часамі страва Выходзіла няўдала, Тады заўсёды яна справу Акрасай папраўляла. Крапіва.
акра́сіць, акрашу, акрасіш, акрасіць; зак., каго-што.
1. Тое, што і закрасіць.
2. Зрабіць весялейшым, цікавейшым (жыццё, існаванне). Для Алесіка.. [Лабановіч] купіў мультановую кашульку і паясок, бо шкада было закіданага хлапчука і хацелася чым-небудзь акрасіць яго жыццё. Колас.
акра́ўкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да акраўка.
акра́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад акрасіць.
акро́паль, ‑я, м.
Гіст. Узвышаная ўмацаваная частка горада ў старажытных грэкаў; крэпасць, крэмль. Афінскі акропаль.
акро́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад акрапіць.
акру́га, ‑і, ДМ ‑крузе; Р мн. акруг; ж.
1. Адміністрацыйна-палітычнае, гаспадарчае, вайсковае і пад. падраздзяленне дзяржаўнай тэрыторыі. Нацыянальная акруга. Выбарчая акруга. Вучэбная акруга. Адміністрацыйна-эканамічная акруга. Тэрытарыяльная акруга.
2. Тое, што і наваколле (у 1 знач.). Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі.
акру́гласць, ‑і, ж.
Уласцівасць акруглага. Вячэрняя сукенка з цёмнага аксаміту, з вялікім дэкальтэ яшчэ больш падкрэслівала матава-белы, крыху з ружовым адценнем колер скуры, акругласць грудзей, шыі, плячэй. Карпюк.