Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распара́дак, ‑дку, м.

Устаноўлены парадак якіх-небудзь спраў, заняткаў і пад. дзе‑н. або на працягу якога‑н. перыяду. — Які распарадак дня сёння? — пытаецца Іларыён Кузьміч. Даніленка. Інтэрнат перайшоў на летні лагерны распарадак. Радкевіч. Праўда, былі нарады, педсаветы, але гэта мала чым парушала той распарадак, да якога Ніна прывыкла з першых дзён работы ў школе. Сіўцоў.

распараджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распарадзіцца.

2. Кіраваць, ведаць кім‑, чым‑н. [Навучэнка:] — Калі б я распараджаўся .. [Рабушкам], а то ён сабе гаспадар, што захоча, тое і робіць. Новікаў. Праўда, сам Базыль ужо не мог упраўляцца з лодкаю, ёю распараджаўся старэйшы сын Паўлюк. Колас. // Весці сябе як гаспадар, камандзір; камандаваць. [Аксіння] ніколькі не здзівілася таму, што .. [Шашура] распараджаецца, і паслухмяна пайшла дахаты. Мележ.

распараджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распараджацца — распарадзіцца.

2. Указанне аб выкананні чаго‑н.; загад, пастанова. Раніцою .. [Шуст] сабраў камандзіраў узводаў штабнога атрада і аддаў распараджэнне невялікімі групамі прабірацца ў старобінскія лясы. Шчарбатаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў.

•••

У распараджэнне каго-чаго або чыё — пад чыё‑н. начальства, кіраўніцтва. [Дзядзька:] — Накіруем.. [Бразгоўку] у распараджэнне вобласці. Вірня.

У распараджэнні каго-чаго або чыім — а) у чыім‑н. веданні. Машына ўжо, назад не пайшла — асталася ў распараджэнні Чаравакі. Пестрак; б) у каго-небудзь (быць). Калі.. [Соня] пазнілася, куляй улятала ў дом, паведамляла на хаду, што ў распараджэнні нашым усяго пятнаццаць ці дваццаць хвілін, і я, спяшаючыся, даставаў свой лепшы гарнітур. Ракітны.

распарадзі́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Аддаць загад; загадаць. [Мікітка] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка. Колас. — Дык збірайся, і каб да вечара выехаў, — распарадзіўся маўклівы і заўсёды стомлены прараб. Б. Стральцоў.

2. Абысціся з кім‑н. або з чым‑н. тым або іншым чынам. Ні весткі, ні паўвесткі стуль. Адна даверлівасць прадбачання салдата. Ды гнаць адкуль, што лёсам Сашкі-брата Інакш, распарадзілася вайна. Чэрня. // Спатрэбіць, скарыстаць што‑н. Тысяча на сяле немалыя грошы. Калі па-гаспадарску, то можна імі разумна распарадзіцца. Б. Стральцоў.

распара́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць распарадлівага. Распарадлівасць брыгадзіра.

распара́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які ўмее добра кіраваць, распараджацца чым‑н. Распарадлівы старшыня. Распарадлівы камандзір.

распара́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да распараджэння, служыць для распараджэння. Распарадчая камісія.

распара́дчык, ‑а, м.

Асоба, якая адказвае за даручаную ёй справу і непасрэдна кіруе ёй. Распарадчык суда. □ А за сцэнаю галоўны распарадчык — Сёмка Чыжык. Прывешвае артыстам.. бароды, бровы падмазвае сажаю. Каваль.

распара́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да распарадчык.

распа́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.

2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.

3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.