распараджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распараджацца — распарадзіцца.

2. Указанне аб выкананні чаго‑н.; загад, пастанова. Раніцою .. [Шуст] сабраў камандзіраў узводаў штабнога атрада і аддаў распараджэнне невялікімі групамі прабірацца ў старобінскія лясы. Шчарбатаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў.

•••

У распараджэнне каго-чаго або чыё — пад чыё‑н. начальства, кіраўніцтва. [Дзядзька:] — Накіруем.. [Бразгоўку] у распараджэнне вобласці. Вірня.

У распараджэнні каго-чаго або чыім — а) у чыім‑н. веданні. Машына ўжо, назад не пайшла — асталася ў распараджэнні Чаравакі. Пестрак; б) у каго-небудзь (быць). Калі.. [Соня] пазнілася, куляй улятала ў дом, паведамляла на хаду, што ў распараджэнні нашым усяго пятнаццаць ці дваццаць хвілін, і я, спяшаючыся, даставаў свой лепшы гарнітур. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)