Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перахіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да перахіліць.

перахітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Тое, што і перахітрыць.

перахітры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Перамагчы хітрасцю, абхітрыць. Хлопцы браліся дужацца і, падскакваючы, нібы два пеўні, намагаліся адзін аднаго перахітрыць, падставіць ножку і пакласці, як кажуць, на абедзве лапаткі. Васілевіч.

перахіхі́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Пераглядваючыся, перагаворваючыся, хіхікаць па якой‑н. прычыне або з каго‑, чаго‑н.

перахля́біна, ‑ы, ж.

Разм. Неглыбокая ўпадзіна, паглыбленне паміж двума ўзвышшамі. На палях.. запелі раўчукі, талай вадой напаўняліся перахлябіны, канавы на ўзбочыне шляху. Навуменка. // Пераходнае патанчэнне на чым‑н. Перахлябіна ў паясніцы.

перахля́бісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае перахлябіны, з перахлябінамі. Перахлябісты конь. □ Дзімка завёз вязку.. ў двор, скінуў яе там з санак і па крывой, перахлябістай вуліцы ішоў назад. Капыловіч. Міця напаткаў на пераездзе Драгуна, агранома з райза, рухавага перахлябістага чалавека. Навуменка. У гэты раз настаўнік гаварыў ціха, паўшэптам, нахіліўшыся крута наперад сваім перахлябістым тулавам. Зарэцкі.

перахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераходзіць — перайсці (у 1–8 знач.).

2. Месца, прыгоднае або прыстасаванае для пераправы цераз што‑н. Пераход цераз раўчук. □ Вярблюд здаволіўся, ківае галавою: пакуль пяройдзе брод, напіцца можна. Ішак глядзіць на пераход трывожна. Дубоўка. Хай заваліла пераходы, Пячэ марозная імгла, Мы перасілім непагоду, І не такія перашкоды Людская мужнасць браць магла. А. Александровіч. // Месца, прыстасаванае для таго, каб пераходзіць вуліцу.

3. Спецыяльнае збудаванне, якое злучае адно памяшканне або месца з другім; калідор, галерэя. Ісці па цёмных пераходах. Крыты пераход. Падземны пераход для пешаходаў. □ На лайнеры пераходы з аднаго класа ў другі былі заўсёды на замку. Лынькоў.

4. Адлегласць паміж двума пунктамі, пройдзеная пешшу без прыпынкаў за які‑н. час. Ад лагера да Кромані па нармальнай дарозе не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль.

5. Момант або месца, дзе што‑н. адно пераходзіць у іншае; звяно, што аб’ядноўвае з’явы, якія пераходзяць адна ў другую. Пераход ад зімы да вясны. Качканос з’яўляецца пераходам ад млекакормячых да птушак. Тонкія пераходы фарбаў.

перахо́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перахадзіць (у 2, 3 і 4 знач.).

перахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць.

Незак. да перайсці.

перахо́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пераходнага (у 2 знач.).

2. У граматыцы — лексіка-сінтаксічная катэгорыя, на аснове якой вылучаюцца дзеясловы са значэннем дзеяння, якое пашыраецца на прадмет, што з’яўляецца аб’ектам гэтага дзеяння.