перахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераходзіць — перайсці (у 1–8 знач.).
2. Месца, прыгоднае або прыстасаванае для пераправы цераз што‑н. Пераход цераз раўчук. □ Вярблюд здаволіўся, ківае галавою: пакуль пяройдзе брод, напіцца можна. Ішак глядзіць на пераход трывожна. Дубоўка. Хай заваліла пераходы, Пячэ марозная імгла, Мы перасілім непагоду, І не такія перашкоды Людская мужнасць браць магла. А. Александровіч. // Месца, прыстасаванае для таго, каб пераходзіць вуліцу.
3. Спецыяльнае збудаванне, якое злучае адно памяшканне або месца з другім; калідор, галерэя. Ісці па цёмных пераходах. Крыты пераход. Падземны пераход для пешаходаў. □ На лайнеры пераходы з аднаго класа ў другі былі заўсёды на замку. Лынькоў.
4. Адлегласць паміж двума пунктамі, пройдзеная пешшу без прыпынкаў за які‑н. час. Ад лагера да Кромані па нармальнай дарозе не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль.
5. Момант або месца, дзе што‑н. адно пераходзіць у іншае; звяно, што аб’ядноўвае з’явы, якія пераходзяць адна ў другую. Пераход ад зімы да вясны. Качканос з’яўляецца пераходам ад млекакормячых да птушак. Тонкія пераходы фарбаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)