Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

недарэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Сказаны, зроблены неўпапад, не да месца, недарэчы. [Юрка] хмурыўся і з прыкрасцю адмахваўся ад сясцёр, якія.. прыставалі з недарэчнымі роспытамі. Карпаў. Каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, [Аніс] узяў пад локці Макара і Есіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

2. Неразумны, бяссэнсавы. Недарэчныя думкі. Недарэчная балбатня. □ Прэч усе недарэчныя разважанні, усе крыўды і дробныя непаладкі! Рамановіч. Самы факт, калі смерць вырывае са строю чалавека, які не прайшоў і паловы таго, што мог прайсці, здаецца недарэчным і несправядлівым. Хадкевіч. // Які робіць падобныя ўчынкі. Недарэчныя людзі.

3. Няўклюдны, няскладны (знешне). Маленькі, недарэчны яфрэйтар Кугель, які ляжаў у шпіталі ў мінулым годзе, выхваляўся, што ўласнымі вачыма бачыў крамлёўскія вежы. Дудо. Прайшлі апошнія рады [вясковых хлопцаў] — самых нізкарослых, крыху недарэчных, у вялікіх, не па росту шынялях. Арабей.

4. Які не адпавядае сітуацыі, абставінам. Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом. Лынькоў.

недарэ́чы, прысл.

1. прысл. Не ў час, у непадыходзячы момант. Часамі аўтар недарэчы карыстаецца прыёмамі фельетона і памфлета. Кучар. // Не да месца; недарэчна. Недарэчы блішчала белая эмалевая дошчачка — «Не парушаць цішыні». Мележ.

2. у знач. вык. Не адпавядае абставінам. — Хопіць табе... — абарваў.. [Сокалава] Вачароў. — Жарты зараз недарэчы. Новікаў. Эх, недарэчы дзяжурства! Навокал ноч, насычаная падзеямі, а ты — як прывязаны. Брыль.

недасалі́ць, ‑салю, ‑соліш, ‑соліць; зак., што.

Пасаліць недастаткова, менш, чым патрэбна. Недасаліць кашу.

не́дасаль, ‑і, ж.

Абл. Недастатковая салёнасць; недасол. Першую лыжку зачэрпне [бацька] — пакаштуе, калі недасаль, — загадае Хвядосу: — Падай салянку. Калюга.

недасве́дчанасць, ‑і, ж.

1. Адсутнасць ведаў, звестак аб кім‑, чым‑н. Недасведчанасць у пытаннях мастацтва. □ Мы не ведалі, як у нас на заводзе з ліццём, але сваю недасведчанасць паказваць не збіраліся. Б. Стральцоў.

2. Адсутнасць, недахоп жыццёвага вопыту. Наіўны ідэалізм, што некалі грэў іх юнацкія душы, быў адкінуты самім ходам жыцця, як толькі па змену недасведчанасці прыйшло веданне. Бугаёў.

недасве́дчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае належных ведаў аб чым‑н. Недасведчаны, пачынаючы рыбалоў, злавіўшы першага ментуза, можа спужацца. «Беларусь».

2. Нявопытны ў чым‑н.

недасе́ў, ‑севу, м.

Частка зямлі, якая засталася незасеянай. Зрабіў агрэх на ворыве, зрабіў абсеў ці недасеў — грэх на душы. Бялевіч.

недасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.

Пасеяць менш, чым належыць; не закончыць сяўбы.

недаскана́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць недасканалага; адсутнасць дасканаласці ў чым‑н. Недасканаласць ўліку.

недаскана́лы, ‑ая, ‑ае.

Які не дасягнуў дасканаласці; які не пазбаўлены недахопаў. Недасканалыя вершы. Недасканалыя прылады. □ Меркаванні былі розныя, але ўсе яны былі альбо недасканалыя, альбо фантастычныя. Мікуліч.