недарэ́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Сказаны, зроблены неўпапад, не да месца, недарэчы. [Юрка] хмурыўся і з прыкрасцю адмахваўся ад сясцёр, якія.. прыставалі з недарэчнымі роспытамі. Карпаў. Каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, [Аніс] узяў пад локці Макара і Есіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.
2. Неразумны, бяссэнсавы. Недарэчныя думкі. Недарэчная балбатня. □ Прэч усе недарэчныя разважанні, усе крыўды і дробныя непаладкі! Рамановіч. Самы факт, калі смерць вырывае са строю чалавека, які не прайшоў і паловы таго, што мог прайсці, здаецца недарэчным і несправядлівым. Хадкевіч. // Які робіць падобныя ўчынкі. Недарэчныя людзі.
3. Няўклюдны, няскладны (знешне). Маленькі, недарэчны яфрэйтар Кугель, які ляжаў у шпіталі ў мінулым годзе, выхваляўся, што ўласнымі вачыма бачыў крамлёўскія вежы. Дудо. Прайшлі апошнія рады [вясковых хлопцаў] — самых нізкарослых, крыху недарэчных, у вялікіх, не па росту шынялях. Арабей.
4. Які не адпавядае сітуацыі, абставінам. Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)