раско́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца слізкім, коўзкім ад язды, катання. Дарога раскоўзалася.
2. Захапіцца катаннем, коўзаннем. Хлопцы раскоўзаліся на каньках.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размазацца, расцерціся, раскідацца ад коўзання. Гразь раскоўзалася. Салома раскоўзалася.
раско́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Яздой або катаннем зрабіць слізкім, коўзкім. Раскоўзаць заснежаную сцежку.
2. Размяць, расцерці, раскідаць, размазаць (нагамі, целам). Пасля таго, як сук абламаўся, чалавек, відаць, сеў на зямлю і сядзеў там, бо было відно, як ён раскоўзаў абцасамі імшыстую зямлю і пассоўваў хвойныя іголкі. Чорны. — Аднойчы я сам чуў, як брыгадзір Мікалай Таўкач паскардзіўся, што ты раскоўзаў ля гумна свежую сцірту саломы. Жычка.
раско́ўзвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раскоўзацца.
2. Зал. да раскоўзваць.
раско́ўзваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раскоўзаць.
раско́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскоўваць — раскаваць.
раско́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскаціць.
раско́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскочваць — раскаціць.
раско́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раскаціцца.
2. Зал. да раскочваць.
раско́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раскаціць.
раско́ша, ‑ы, ж.
1. Празмерны дастатак, багацце. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлопец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. [Вера:] — Не з раскошы я дала згоду ісці за .. [Адама] замуж. Дамашэвіч. // Празмернасць у выгодах; камфорт. І вось цяпер .. за ўсю гэту раскошу, якой цэлае лета цешацца «дачнікі» — дальняя і блізкая радня — за ўсё гэта Міхал Няронскі расплачваецца. Васілевіч. // Што‑н. лішняе, не першай неабходнасці (пра прадметы, учынкі і пад.). — Я купіла табе самае лепшае мыла, самога Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... — Навошта гэта непатрэбная раскоша? Шамякін. — Зараз у нас рукі не цалуюць, не модна. Лічаць гэта панскай раскошай. Машара.
2. Пышнасць, велічнае хараство. — Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць, — смяяўся .. [Турсевіч]. Колас.
3. Багацце, пышнасць (прыроды, расліннасці). За акном буяў у раннямайскай раскошы сад. Ліс. Агародчык напаўняўся той раскошай, якой не мог не заўважыць кожны. Вітка.
4. Прастора, свабода. Пасля зазерскага і скобраўскага малазямелля і цеснаты — тут сапраўды была раскоша. Пальчэўскі.
5. у знач. вык. Разм. Пра тое, што выклікае задавальненне, захапленне. Стол — раскоша. На ім віно, гарэлка, закуска. Навуменка. — Гэта ж цяпер раскоша, а не жыццё — і музыку слухаеш, і ўсе навіны, і розныя парады... Краўчанка.