Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

та́лій, ‑ю, м.

Хімічны элемент — мяккі і лёгкаплаўкі метал блакітна-сівога колеру.

[Ад грэч. thallos — зялёная галінка (назва дадзена па ярка-зялёнай лініі спектра).]

талісма́н, ‑а, м.

Паводле забабонных уяўленняў — прадмет, які прыносіць яго ўладальніку шчасце, удачу. У пацвярджэнне таго, што было сказана,.. [Лабановіч] дастаў свой «талісман» — акуратна і прыгожа напісаны карэспандэнцкі білет. Колас. [Уладзік:] — Адзін капітан, звалі яго Ларсен, меў такі талісман, то яго карабель ніякага шторму не баяўся. Краўчанка.

та́лія 1, ‑і, ж.

Найбольш вузкая частка тулава паміж грудзьмі і клубамі. Абняць за талію. □ [Зіна] прыжмурыла шэра-блакітныя вочы, расчасала кольцы спадаючых на плечы светлых валасоў, зацягнула тужэй паясок на тонкай таліі. Федасеенка. // Частка адзення, якая аблягае гэтае месца. Пінжак быў звужаны ў таліі і нечым нагадваў жаночы жакет. Асіпенка.

[Ад фр. taille.]

та́лія 2, ‑і, ж.

1. Камплект ігральных карт з дзвюх калод.

2. Круг картачнай гульні да канца калоды ў банкіра або да зрыву банка.

[Ад фр. tailler — банкаваць.]

талкава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. талкаваць.

талкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Разм.

1. Гутарыць, гаварыць. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Колас. Я неўзаметку зноў стаў талкаваць пра туман, пра вясну, схіліў гутарку на дзяўчат. Пташнікаў.

2. Растлумачваць што‑н. [Марцін Трайны:] — Што .. [Руневіч] не бачыць, што вы за чалавек? Ды ўжо ж і мы з Сяргеем яму не раз талкавалі. Звальняцца хоча. Брыль. Разумнаму шмат талкаваць не трэба. Прыказка.

талко́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Разумны, кемлівы; дзелавіты. [Апейка:] — Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Мележ. І калгасныя справы .. [Васіль] павёў так, што хутка стаў вядомы як здольны, талковы рахункавод. Васілевіч. — Канечне, — гаварыў дзед Нічыпар, — старшынёй трэба выбраць чалавека пісьменнага, талковага. П. Ткачоў. // Змястоўны, разумны, дзелавы. Талковы даклад. □ [Тарасевіч:] — А як трэба нашай прамысловасці разумная, удумлівая парада вучонага-эканаміста, талковая рэкамендацыя. Арабей.

2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы (пра думкі, словы і пад.). Звычайна паліцэйскія былі альбо п’янчугі, альбо людзі тупыя, не здольныя вымавіць ніводнага талковага слова. Новікаў.

талму́д, ‑а, М ‑дзе, м.

У іудзейскай рэлігіі — звод бытавых, прававых прадпісанняў і правіл, заснаваны на схаластычным тлумачэнні кніг Старога завету. [Самуіл Плаўнік] не раз здзіўляў гаспадара тонкім веданнем талмуда. «Маладосць». // перан. Разм. іран. Пра вялікі рукапіс, кнігу.

[Стараж.-яўр., літаральна — вывучэнне.]

талмуды́зм, ‑у, м.

Схаластычныя разважанні: веды, набытыя шляхам начотніцтва, механічнага засваення прачытанага.

талмуды́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Паслядоўнік вучэння, выкладзенага ў талмудзе; тлумачальнік талмуда.

2. перан. Схаласт, начотчык. — Я талмудыстам ніколі не быў і ў такія тонкасці не ўдаюся. І следчы не будзе праводзіць мяжы паміж выразамі «царскі лад» і «царскі рэжым», — адказаў Нічыпар. Колас.

талмуды́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да талмуда, талмудыста; уласцівы талмудысту. Талмудысцкія разважанні.