Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сукнамы́йка, ‑і, ДМ ‑мыйцы; Р мн. ‑мыек; ж.

Апарат для прамыўкі сукнаў машыны, якая вырабляе паперу.

сукно́, ‑а; мн. сукны, ‑аў; н.

1. Шарсцяная або паўшарсцяная тканіна з гладкім ворсам, якая пры вырабе апрацоўваецца валеннем. Сторы разгарнуў пакунак .. Кавалак сукна... Бядуля. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма. Колас.

2. толькі мн. (су́кны, ‑аў). Камплект куліс і заслон, якія афармляюць сцэну. Блізнюк, як спуджаны заяц, матануў за кулісы сцэны і знік там у сукнах і бакоўках. Сабаленка.

•••

Салдацкае сукно — шэрае тоўстае сукно для шынялёў.

Класці пад сукно гл. класці.

Ляжаць пад сукном гл. ляжаць.

су́кня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і сукенка. На .. [Матруне] была яркая квяцістая сукня, а вочы гарэлі радасцю. Сачанка.

суко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абрэзак сукна або іншай шарсцяной тканіны, які ўжываецца для чысткі, націрання чаго‑н. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. Калі блешня пасля таго, як яна пабывала ў вадзе, страціла бляск, яе трэба працерці суконкай. Матрунёнак.

2. Суконная ануча. [Пракоп] рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Колас.

суко́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сукна, з’яўляецца сукном. Суконная пража. Суконныя тканіны. □ [Баба:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Пашыты з сукна. [Тэкля] была апранута ў чыстую доўгую спадніцу і дабротны суконны сак. Краўчанка. Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы. Грахоўскі.

2. Які служыць для вырабу сукна або гандлю сукном. Суконная фабрыка. Суконная мануфактура.

3. Які займаецца вырабам сукна або гандлем сукном. Сачыла рупліва бяльмо цыферблата. — Ці добра спіцца суконным магнатам. Панчанка.

4. перан. Невыразны; грубы. Суконная мова. □ Але гэта, відаць, часта бывае з усімі, хто бярэцца за пяро: у галаве носіш тое, што можа ўсхваляваць, запаліць чытача, а як сядзеш пісаць, дык з-пад пяра выходзяць нейкія вялыя, суконныя словы і думкі. Сабаленка. — Ото ж, якая дробязь, — Адказ я пачуў суконны. — Дасць вам даведку робат — Намеснік мой электронны. Макаль.

•••

Суконнае рыла гл. рыла.

суко́ншчык, ‑а, м.

1. Спецыяліст па вырабу сукнаў.

2. Уст. Гандляр сукном або ўладальнік суконнай фабрыкі.

су́кравіца, ‑ы, ж.

Жаўтаватая вадкасць з дамешкай крыві, якая выдзяляецца з пашкоджаных тканак і поласцей цела. З раны на галаве нават і цяпер яшчэ сачылася сукравіца. Машара.

су́кравічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сукравіцы. Сукравічныя выдзяленні.

сукры́стасць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць сукрыстага.

сукры́сты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Кучаравы. У сына чорныя сукрыстыя валасы. Галавач.