Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́ручы, ‑аў; адз. няма.

1. Гіст. Частка брані або лат, якая ахоўвала рукі ад локця да кісці.

2. Парчовыя нарукаўнікі ў адзежы свяшчэннаслужыцеляў.

по́рхаўка, ‑і, ДМ ‑хаўцы; Р мн. ‑хавак; ж.

Шарападобны грыб, мякаць якога пры высыханні ператвараецца ў цёмны пыл. Спынілася работа на полі, выліліся рэчкі з берагоў, паплылі пракосы, копы. Забялеліся ўзлескі ад порхавак. Колас.

по́рцік, ‑а, м.

Галерэя з калонамі, якая амаль заўсёды з’яўляецца часткай вялікага будынка. Новы гмах з каланадай і порцікам пры ўваходзе сапраўды можна было назваць палацам. Хведаровіч.

[Лац. porticus.]

по́рцыя, ‑і, ж.

Пэўная колькасць чаго‑н. [Дзед Талаш] засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. Пасля таго, як выпіты першыя шклянкі, у чайнік кладзецца новая порцыя цукру і новыя лісткі мяты, наліваецца свежы вар. В. Вольскі. // Ежа або напітак, разлічаныя на аднаго едака ў сталовай ці рэстаране. Порцыя кашы. Порцыя катлет.

[Лац. portio.]

по́ршань, ‑шня, м.

Дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара і пад., якая рухаецца ўнутры цыліндра і служыць для нагнятання або выпампоўвання вадкасці, газу, пары.

по́ршневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поршня. Поршневыя кольцы. // Які працуе пры дапамозе поршня. Поршневыя машыны.

по́ршні, ‑яў; адз. поршань, ‑шня, м.

Абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры, сабранай на ступні абораю. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Караткевіч.

по́ры, пор і пораў; адз. пора, ‑ы, ж.

1. Вельмі дробныя адтуліны потавых залоз на паверхні скуры чалавека і жывёл. У поры на пальцах і з тыльнага боку далоняў уеліся машыннае масла і метал. Б. Стральцоў. // Мікраскапічныя непатоўшчаныя месцы ў абалонках раслінных клетак, праз якія адбываецца абмен рэчываў паміж клеткамі.

2. Прамежкі паміж часцінкамі рэчыва.

[Ад грэч. poros.]

по́рыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць порыстага. Порыстасць глебы.

по́рысты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае поры (у 1 знач.). Імгненне — і зноў былі перада мною.. глыбокія, як бы выразаныя нажом, маршчыны ля пухлага порыстага носа. Савіцкі.

2. Які мае поры, пустоты. Камень, на якім Віця сядзеў, быў круглы, нібы палявы валун, і порысты, як вапняк. Шыцік.