талера́нтнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць талерантнага.
тале́рачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак, ж.
1. Памянш. да талерка; маленькая талерка.
2. Спец. Спецыяльная круглая мішэнь. Страляць па талерачках.
тале́рачнік, ‑а, м.
Разм. Музыкант, які іграе на талерках (у 2 знач.).
тале́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да талеркі, прызначаны для талерак. Талерачная форма.
тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.
2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.
3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.
•••
Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.
[Ад ням. Teller.]
тале́рчаты, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму талеркі. Талерчаты дыск.
та́лі, ‑яў; адз. няма.
Сістэма блокаў для падымання грузаў на судне. Калі ж, ахоплены жудасцю,.. [Тапурыя] учапіўся за борт чаўна, што гушкаўся на талях, то ў першы момант яго ледзь не выкінула за борт. Самуйлёнак.
[Гал. talie.]
та́ліевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да талію.