тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.
2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.
3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.
•••
Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.
[Ад ням. Teller.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)