рапсо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Вандроўны пясняр, збіральнік народных песень, выканаўца эпічных паэм у Старажытнай Грэцыі. Калісьці, у старой Эладзе, хадзілі вандраваць рапсоды. Дубоўка.
[Грэч. rhápsōdoi ад rháptō сшываю і ōdē песня.]
рапсо́дыя, ‑і, ж.
1. У Старажытнай Грэцыі — эпічная песня пра легендарных герояў і багоў, якую выконваў рапсод пад акампанемент струннага інструмента.
2. Віртуозны інструментальны твор на тэмы народных песень і танцаў. Венгерская рапсодыя Ліста. Рапсодыя для фартэп’яна з аркестрам.
[Грэч. rhapsōdía — песня рапсода, раздзел эпічнай паэмы.]
ра́птам, прысл.
1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. [Толяк] раптам заўважыў, што .. [Зося] зграбная і прыгожая. Чорны. // Ураз, адразу. Страляніна пачалася раптам. Тармола. Пачалася мітусня, страляніна. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.
2. у знач. узмацняльнай часціцы. Адпавядае па значэнню словам: «калі», «а калі», «а што, калі» і пад. [Васіль:] — Быў міг, калі я падумаў: а раптам не прыйдзеш? Шамякін. — Хутчэй збірайся! — Я зранку яшчэ сабралася, — адказала Марына, — але трывожылася, раптам ты білетаў не дастанеш. Корбан.
рапто́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць раптоўнага; нечаканасці. Раптоўнасць нападу. □ [Камлюк:] — У бой неабходна пусціць усё ўзбраенне. Галоўнае ж — раптоўнасць, імклівасць і націск. М. Ткачоў.
рапто́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які надышоў, адбыўся раптам, нечакана. Раптоўны ўдар. Раптоўны дождж. □ Лёгкі і раптоўны шолах каля шыбы акна абудзіў .. Лабановіча. Колас. Раптоўны разрыў адносін паміж Альбрэхтам і Скарынаю дакументы тлумачаць сямейнымі акалічнасцямі апошняга. Алексютовіч.
рапу́ха, ‑і, ДМ ‑пу́се, ж.
Палявая жывёліна сямейства бясхвостых земнаводных, падобная на жабу, з бугрыстай скурай шэрага або зялёнага колеру. Скура ў рапухі не гладкая, як у жабы, а пакрытая бугаркамі. В. Вольскі.
ра́пушка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Невялікая прэснаводная рыба сямейства ласасёвых.
рарытэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
Рэдкая рэч, якая ўяўляе сабой музейную каштоўнасць; рэдкасць. Калекцыя рарытэтаў.
[Ад лац. raritas, raritatis — рэдкасць.]
рарытэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рарытэта. Рарытэтнае выданне.
рас..., прыстаўка (гл. раз...).
Ужываецца замест «раз...» перад глухімі зычнымі, напрыклад: раскалыхаць, распакаваць, рассесціся, расхапаць.