ра́птам, прысл.

1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. [Толяк] раптам заўважыў, што .. [Зося] зграбная і прыгожая. Чорны. // Ураз, адразу. Страляніна пачалася раптам. Тармола. Пачалася мітусня, страляніна. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.

2. у знач. узмацняльнай часціцы. Адпавядае па значэнню словам: «калі», «а калі», «а што, калі» і пад. [Васіль:] — Быў міг, калі я падумаў: а раптам не прыйдзеш? Шамякін. — Хутчэй збірайся! — Я зранку яшчэ сабралася, — адказала Марына, — але трывожылася, раптам ты білетаў не дастанеш. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)