пераса́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да перасесці (у 1, 2 знач.).
2. Зал. да перасаджваць.
пераса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перасадзіць (у 1–5 знач.).
перасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.
1. каго. Пасадзіць на другое месца; прымусіць, памагчы перасесці. Перасадзіць вучня на пярэднюю парту. □ Вера перасадзіла Уладзіка на левую руку і дастала з бакавой кішэні ключ. Кулакоўскі. // Перамясціць, памагчы перайсці з аднаго транспарту на другі. Перасадзіць пасажыраў з аўтобуса на тралейбус. // Перавесці на якую‑н. іншую работу або на іншае месца работы. У часе вайны Яўгенію Лучанок перасадзілі з трактара-тралёўшчыка на лесавоз. Сабаленка. // Перавесці для ўтрымання ў другое месца, памяшканне. Перасадзіць птушку ў другую клетку. □ Віця тым часам выняў з Міколавага кошыка трусіка і перасадзіў яго ў свой. Скрыпка.
2. што. Выкапаўшы, пасадзіць (расліну) у другім месцы. Перасадзіць капусту. Перасадзіць вагон. □ Рабіны гэтыя некалі бацька перасадзіў з лесу. Хомчанка. // Перанесці (частку косці, тканкі, орган) для прыжыўлення на другім месцы або ў другім арганізме. Перасадзіць нырку.
3. што. Насадзіць, надзець на што‑н. іншае. Перасадзіць сякеру на другое тапарышча.
4. каго. Падняўшы, перамясціць цераз што‑н., памагчы пералезці цераз што‑н. Перасадзіць дзіця цераз парог.
5. перан.; на што. Разм. Пачаць карміць чым‑н. другім. Перасадзіць на малочную страву. □ Дзён пяць мы харчаваліся нішто: быў яшчэ сякі-такі запас прадуктаў. А потым .. перайшлі на Барысава ўтрыманне. Перш-наперш ён перасадзіў нас на чай. Асіпенка.
6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх. Перасадзіць усе дрэвы. Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей. □ Да нас прыехаў ляснічы Пятро Максімавіч, дзядзька Косця. Яны заставаліся ў нас, пакуль мы не перасадзілі ўсіх сасонак. Паслядовіч.
пераса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. перасаджваць — перасадзіць (у 1, 2 знач.).
2. Пераход для прадаўжэння язды з аднаго транспарту на другі. — Праездам я тут, перасадку раблю. Васілёнак.
перасаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., што.
1. Зрабіць вельмі салодкім. Перасаладзіць чай.
2. Пасаладзіць усё, многае.
перасалі́ць, ‑салю, ‑соліш, ‑соліць; зак.
1. што. Зрабіць вельмі салёным. Перасаліць суп. Перасаліць агуркі.
2. што. Пасаліць, засаліць усё, многае. Перасаліць усе грыбы.
3. перан. Разм. Перайсці мяжу, меру дазволенага ў чым‑н. Перасаліць у жартах.
перасало́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перасаладзіць.
перасало́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да перасалоджваць.
перасало́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перасаладзіць.
перасартава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. перасартаваць.