перасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.
1. каго. Пасадзіць на другое месца; прымусіць, памагчы перасесці. Перасадзіць вучня на пярэднюю парту. □ Вера перасадзіла Уладзіка на левую руку і дастала з бакавой кішэні ключ. Кулакоўскі. // Перамясціць, памагчы перайсці з аднаго транспарту на другі. Перасадзіць пасажыраў з аўтобуса на тралейбус. // Перавесці на якую‑н. іншую работу або на іншае месца работы. У часе вайны Яўгенію Лучанок перасадзілі з трактара-тралёўшчыка на лесавоз. Сабаленка. // Перавесці для ўтрымання ў другое месца, памяшканне. Перасадзіць птушку ў другую клетку. □ Віця тым часам выняў з Міколавага кошыка трусіка і перасадзіў яго ў свой. Скрыпка.
2. што. Выкапаўшы, пасадзіць (расліну) у другім месцы. Перасадзіць капусту. Перасадзіць вагон. □ Рабіны гэтыя некалі бацька перасадзіў з лесу. Хомчанка. // Перанесці (частку косці, тканкі, орган) для прыжыўлення на другім месцы або ў другім арганізме. Перасадзіць нырку.
3. што. Насадзіць, надзець на што‑н. іншае. Перасадзіць сякеру на другое тапарышча.
4. каго. Падняўшы, перамясціць цераз што‑н., памагчы пералезці цераз што‑н. Перасадзіць дзіця цераз парог.
5. перан.; на што. Разм. Пачаць карміць чым‑н. другім. Перасадзіць на малочную страву. □ Дзён пяць мы харчаваліся нішто: быў яшчэ сякі-такі запас прадуктаў. А потым .. перайшлі на Барысава ўтрыманне. Перш-наперш ён перасадзіў нас на чай. Асіпенка.
6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх. Перасадзіць усе дрэвы. Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей. □ Да нас прыехаў ляснічы Пятро Максімавіч, дзядзька Косця. Яны заставаліся ў нас, пакуль мы не перасадзілі ўсіх сасонак. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)