Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

така́та, ‑ы, ДМ ‑каце, ж.

Віртуозная музычная п’еса для клавішнага інструмента (фартэпіяна, аргана і пад.), якая выконваецца ў хуткім тэмпе.

[Іт. toccata.]

та́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Часта ўжываць слова «так»; гаварыць слова «так» як пацвярджальны адказ на што‑н., як знак увагі да слоў субяседніка. — Так, так, — такаў Громаў. Лупсякоў.

та́каць 2, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і тахкаць (у 1 знач.).

такела́ж, ‑у, м.

1. Сукупнасць усіх снасцей судна (пяньковых і металічных тросаў).

2. Сукупнасць прыстасаванняў з тросаў, блокаў, ланцугоў для пад’ёму і перамяшчэння грузу. Рыхтуй такелаж, плытагоны! А. Александровіч. // Такелажныя работы. Людзі брыгады Івана Леўкіна не збіраліся кідаць пачатую работу — не даручаць жа такелаж і мантаж фермы якой-небудзь іншай брыгадзе. Дадзіёмаў.

[Гал. takelage.]

такела́жнік, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па такелажных работах.

такела́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да такелажу; прызначаны для такелажу. Такелажнае абсталяванне. Такелажныя работы.

такела́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што.

Забяспечваць, абсталёўваць судна такелажам.

такі́ 1, о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі 2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

такі́-сякі́, такая-сякая, такое-сякое, займ. азначальны.

Разм. Выкарыстоўваецца як жартоўна-ацэначнае слова ў значэнні: невысокай якасці, нягодны, нядобры, нікчэмны. [Браты:] — Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе [Іван], работы дома няма? Якімовіч. // Некаторы. Такія-сякія задумы. □ Былі ў яго [капітана] яшчэ такія-сякія меркаванні, як лепш дазнацца, вораг лётчык ці не, але аб гэтым ён пакуль што нікому не прагаварыўся. Ваданосаў. // Нейкі, канкрэтна не акрэслены. [Мураўскі] меў такую-сякую адукацыю, атрыманую ўжо ў Расіі, добра валодаў рускай мовай. Машара.

такі́-та, такая-та, такое-та.

1. займ. неазначальны. Ужываецца замест імя асобы, якая не называецца пры гаворцы. На нарадзе прысутнічалі такія-та і такія-та прадстаўнікі з цэнтра. // Ужываецца як указанне на які‑н. тэрмін, час. Падрыхтаваць звесткі к такому-та дню.

2. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца для выражэння дакору, іроніі, асуджэння і пад. Такі-та ён вучоны! □ [Маці:] — Што ты [Хведар] нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі.

та́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да такаць ​1.